Skip to main content

Даследчык Зміцер Моніч паведаміў пра цікавае адкрыццё ў касцёле на Глыбоччыне

  • 11 снежня, 2025
  • Фота касцёла ў Задарожжы: Аляксандр Дзехцяронак // Catholicminsk.by

Першы крок да важнага адкрыцця ў беларускім сакральным мастацтве быў зроблены яшчэ год таму.

У 2024 годзе падчас пілігрымкі Росіца-Будслаў даследчык Зміцер Моніч, супрацоўнік Нацыянальнага мастацкага музея ў Мінску і выкладчык Мінскага тэалагічнага каледжа імя святога Яна Хрысціцеля, зрабіў цікавыя назіранні ў касцёле Найсвяцейшай Панны Марыі Ласкавай у вёсцы Задарожжа (Глыбоцкі дэканат, Віцебская дыяцэзія), якія спрычыніліся да адкрыцця невядомай працы знакамітага мастака Язэпа Драздовіча.

Будучы ўдзельнікам пілігрымкі, Зміцер звярнуў увагу на абраз, жывапіс якога вельмі нагадваў стыль вядомага творцы, ураджэнца Глыбоччыны.

Выява Уваскрослага Езуса Хрыста і святога Францішка, які прытуляецца галавою да Пана, зацікавіла спецыяліста нетыповым для іканаграфіі Збавіцеля салатава-зялёным колерам, нехарактэрнай ранай на левым баку Хрыста і агульнай праставатасцю формаў.

Пасля бліжэйшага агляду здагадкі адмыслоўца пацвердзіліся. На палатне быў надпіс з магчымымі ініцыяламі знакамітага майстра і датай: pro Restaŭracija J D. u 1925 h.

Абраз без шатаў да рэстаўрацыі. Фота: facebook Зміцера Моніча

На днях даследчык паведаміў, што праз год карпатлівага ўсебаковага вывучэння твора спецыялістамі ў галіне мастацтвазнаўства і рэстаўрацыі можна ўпэўнена сказаць пра яшчэ адно адкрыццё: Драздовіч не толькі маляваў, але і рэстаўраваў палотны. Пад бачным слоем абраза аказаўся схаваны вельмі прафесійны жывапіс невядомага аўтара, верагодна, XVIII стагогоддзя.

Зміцер Моніч адзначае, што абраз з задарожскага касцёла мае даволі рэдкую іканаграфію. Падобная нетыповая выява Хрыста і святога Францішка са стыгматамі знайшлася ў далёкай Італіі ў кляштары манахаў капуцынаў у Монтэказале.