Skip to main content

“Наш абавязак — дапамагаць усім душам, асуджаным на мукі”. Біскуп Яшэўскі ўзначаліў святую імшу ва ўспамін Усіх памерлых вернікаў

  • 3 лістапада, 2023
  • Тэкст: Дар’я Семянько | Фота: Рыта Ляховіч
  • Сatholic.by

У чацвер, 2 лістапада, ва ўспамін Усіх памерлых вернікаў, Генеральны вікарый Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі біскуп Аляксандр Яшэўскі SDB узначаліў цэлебрацыю ў магілёўскім катэдральным касцёле Унебаўзяцця Найсвяцейшай Панны Марыі і святога Станіслава.

Распачаў сваё казанне біскуп з прыпавесці пра жабрака, які 38 год ляжаў каля купальні і цяжка хварэў, бо аздаравіцца мог толькі той, хто першы ўваходзіў у купальню пасля хвалявання вады. У гэтага чалавека не было сябра, які б дапамог яму апярэдзіць усіх і апусціць яго першым у купальню. І толькі праз 38 гадоў Езус прыйшоў і вярнуў яму здароўе.

“Вельмі падобнае няшчасце перажываюць многія душы ў чыстцы, якія не маюць  «чалавека», сябра на зямлі, да якіх ніхто не прыходзіць на дапамогу: яны маглі б даўно ўцячы з турмы і цешыцца радасцю Валадарства нябеснага, калі нехта на зямлі маліўся б за іх і прыносіў нейкія ахвяры”, – адзначыў святар.

Біскуп Яшэўскі звярнуў увагу прысутных на то, што, азіраючыся на падзеі ў свеце, а таксама на жыццё і ўчынкі людзей вакол сябе, можа паўстаць думка, што вельмі мала дарослых і нават мала католікаў увойдуць у нябеснае Валадарства. Бо нямногія з іх прысвячаюць усе свае словы і ўчынкі на хвалу Божую.

“Святы Касцёл нікога не пасылае ў пекла, пра нікога не дазваляе сцвярджаць, што той з’яўляецца «адрынутым», нават пра тых, хто нанёс яму самыя цяжкія раны, нават пра стваральнікаў ерасяў і адшчапенцаў, нават пра забойцаў народаў! Бо ніхто не можа ведаць, што робіцца ў сэрцы бліжняга, ці ведае ён, што робіць, ці добра ведае велічыню сваёй правіны, ці не шалёны яго розум? Бо нават пра тых, хто Яго ўкрыжаваў, Пан Езус сказаў, што «не ведаюць, што робяць»!”, – асцярог вернікаў Біскуп.

Дзелячыся сваім словам, іерарх прапанаваў дапусціць думку: калі большасць дарослых сапраўды заслугоўвае асуджэння ўсім сваім жыццём, ці не можа Божая ласка выратаваць многіх з іх у апошнія гадзіны жыцця?

“Кепска было б, калі б мы самі хацелі разлічваць на гэту ласку і неабдумана падвяргалі сябе пагібелі, але адносна іншых будзем мець надзею, што хаця б іх канец быў лепшы, чым усё іх жыццё і ўчынкі! Нехта сказаў: «Што такое жыццё, пазнаецца толькі пры смерці». Так! тады ясна бачна, наколькі мізэрнымі і нікчэмнымі з’яўляюцца ўсе зямныя рэчы і якой вялікай была наша слепата, калі мы прывязваліся да іх і забывалі пра Бога, якой вялікай была Яго дабрыня і наша няўдзячнасць!”, – дадаў святар.

Падчас казання біскуп нагадаў прысутным вернікам, што Бог справядлівы і што справядлівасць з’яўляецца Яго неад’емнай якасцю, таму Ён карае за грахі, за якія не адпакутавана на зямлі, не дапускаючы заплямленую душу адразу на неба.

“Але мы таксама ведаем, што ў Яго пераважае міласэрнасць і што чысцец існуе менавіта  для таго, каб у ім многія грэшнікі маглі знайсці заслужанае пакаранне і адначасова збаўленне ад вечнага пакарання”, – падкрэсліў Яшэўскі.

Напрыканцы свайго казання біскуп Аляксандр заклікаў вернікаў імкнуцца да таго, каб пасля смерці людская дапамога не была патрэбная, і яна не спатрэбіцца, калі ў гэтым жыцці прысвяціць сябе Богу ў ахвяру, і не пашкадаваць сіл для Яго хвалы і дабра нашых бліжніх.

DSC2061
DSC2065
DSC2067
DSC2073
DSC2075
DSC2078
DSC2081
DSC2088
DSC2091
DSC2110
DSC2148
DSC2166
DSC2178
DSC2199
DSC2207
DSC2220
DSC2229