Skip to main content

Мінска-Магілёўская архідыяцэзія: прызначаны Генеральны вікарый, дэкан Магілёўскі і зацверджаны новы склад святарскай рады

Catholic.by

17 сакавіка Мітрапаліт Мінска-Магілёўскі арцыбіскуп Юзаф Станеўскі ўручыў дэкрэты аб прызначэнні новаму Генеральнаму вікарыю архідыяцэзіі і новаму дэкану Магілёўскаму, а таксама зацвердзіў новы склад святарскай рады.

Уручэнне адбылося падчас арганізацыйнай часткі пастырскай сустрэчы духавенства і кансэкраваных асоб Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіія, якая праходзіла ў касцёле святога Сымона і святой Алены ў Мінску (Чырвоны касцёл).

Па рашэнні арцыбіскупа Станеўскага, Біскупскі вікарый для горада Магілёва і Магілёўскай вобласці біскуп Аляксандр Яшэўскі SDB быў прызначаны Генеральным вікарыем Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі.

Раней на гэтай пасадзе арцыпастырам быў зацверджаны біскуп Юрый Касабуцкі. Такім чынам, з пастырскіх меркаванняў, цяпер у Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі будуць дзейнічаць два Генеральных вікарыі, чыё заданне — дапамагаць арцыбіскупу ў кіраванні ўсёй архідыяцэзіяй (пар. ККП 475 §1).

Акрамя таго, арцыбіскуп Станеўскі прызначыў дэканам Магілёўскім ксяндза Андрэя Кеўліча, пробашча парафіі Маці Божай Бялыніцкай у Горках.

Яшчэ адным біскупскім дэкрэтам быў зацверджаны новы склад святарскай рады Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі, якая складаецца з трох груп святароў: тых, якія ўваходзяць у яе ў сілу пасады, выбраных галасаваннем і прызначаных самім арцыбіскупам. Першае пасяджэнне святарскай рады архідыяцэзіі ў новым складзе прайшло ў той самы дзень у Мінску.