Кармэліты босыя ў Мядзелі адзначылі патранальную ўрачыстасць ордэна і парафіяльны адпуст
- 17 ліпеня, 2023
- Сatholic.by
15–16 ліпеня ў Мядзелі аддзначылі ўрачыстасць Найсвяцейшай Панны Марыі з Гары Кармэль — галоўнай Апякункі айцоў кармэлітаў босых і мясцовай парафіі, у якой манахі ордэна здаўна нясуць служэнне.
Святкаванне распачалося ўвечары ў суботу святой Імшой, цэлебрацыю якой узначаліў Рэгіянальны вікарый кармэлітаў босых у Беларусі айцец Пётр Фраштэнга OCD, які прыбыў з Мінска.
У прамоўленай гаміліі настаяцель супольнасці параўнаў мядзельскі парафіяльны касцёл, пабудаваны на ўзгорку каля возера Мястра, з гарою Кармэль і запрасіў вернікаў духоўна ўзысці на гэтую гару.
Таксама айцец Пётр заахвоціў «наследваць Марыю, нашу Маці і Сястру, і праз святы шкаплер даверыцца Яе магутнаму заступніцтву».
На прыкладах з жыцця сясцёр кармэлітак Дзіцяткі Езуса Рэгіянальны вікарый паказаў веру гэтых сясцёр і моц святога шкаплера, дзякуючы якому нават утаймоўваліся стыхійныя бедствы, такія як пажар ці бура на моры.
«Заступніцтва Марыі, Маці Святога Шкаплера, — гэта наш надзейны сродак у зямной пілігрымцы да збаўлення»,— падкрэсліў айцец Пётр Фраштэнга. На заканчэнне святой Імшы адбыўся апошні дзень навэнны да Маці Божай Шкаплернай і быў праспяваны гімн Salve Regina — «Вітай, Каралева» на лацінскай мове.
Пасля святой Імшы на адноўленай намаганнямі кармэлітаў і мясцовых вернікаў мядзельскай Кальварыі адбыўся Крыжовы шлях, асноўнай тэмай якога сталі ўчынкі міласэрнасці для душы і цела. Вялікая колькасць парафіянаў і гасцей ўзялі ўдзел у гэтым набажэнстве, падчас якога многія скарысталіся магчымасцю прыступіць да споведзі. Пакутнае набажэнства скончылася на Гары Крыжоў малітваю ў інтэнцыях Святога Айца і благаслаўленнем.
У нядзелю, на другі дзень святкавання, у мядзельскім касцёле сабралося дастаткова шмат вернікаў. Марыйны дух шкаплернай урачыстасці і адпаведныя малітоўнаму настрою дэкарацыі ў касцёле спрыялі глыбокаму перажыванню ўрачыстасці.
Цэлебрацыю святой Імшы, у якой узялі ўдзел айцы з мядзельскай парафіі, а таксама айцец Павел Ляліта OCD, пробашч парафіі ў Нарачы, ўзначаліў новапрызначаны пробашч парафіяльнай супольнасці ў Мядзелі айцец Аляксандр Стока OCD. Ён скіраваў да вернікаў Божае слова, у якім адзначыў вялікую ролю прысутнасці і заступніцтва Маці Божай Шкаплернай у жыцці вернікаў.
«Нельга зразумець таямніцу Хрыста без Марыі, як таксама нельга зразумець Марыі без Хрыста»,— падкрэсліў айцец Аляксандр. Святар заахвоціў вернікаў да сыноўняй адданасці Маці Божай, якая ніколі не перастае клапаціцца пра сваіх дзяцей На заканчэнне Імшы адбылася Эўхарыстычная працэсія і благаслаўленне.