Skip to main content

Віншаванні Арцыбіскупа Юзафа Станеўскага Са Святам Нараджэння Пана і Новым 2024 годам

  • 22 снежня, 2023
  • Арцыбіскуп Юзаф Станеўскі
Арцыбiскуп Юзаф Станеўскі

«Не бойцеся, я абвяшчаю вам вялікую радасць, якая будзе для ўсяго народу, бо нарадзіўся вам сёння ў горадзе Давіда Збаўца, якім ёсць Хрыстус Пан. І вось вам знак: знойдзеце Немаўля спавітае і пакладзенае ў яслях» (Лк 2, 10-12).

Дарагія браты і сёстры!

Час святкавання Божага Нараджэння – гэта час прыняцця любові Бога праз Яго надзвычайны падарунак чалавецтву: нараджэнне Езуса Хрыста, Божага Сына. Таму ва ўрачыстай літургіі Касцёл нагадвае нам пра вялікую праўду гэтай любові: сам Бог уцелавіўся і стаў Чалавекам. Ён стаў маленькім Дзіцяткам, каб мы не баяліся Яго, бо веліч Бога, нябачнага і ўсемагутнага, можа бянтэжыць і непакоіць нас. Таму Ён пажадаў прыйсці да нас Немаўляткам, каб мы маглі наблізіцца і прытуліцца да Яго: Ён стаў Эмануэлем – «Богам з намі».

Анёлы, якія прынеслі пастухам вестку аб нараджэнні Божага Дзіцятка, спевам праслаўлялі Бога і абвяшчалі спакой: «Хвала на вышынях Богу, а на зямлі спакой людзям добрай волі» (Лк 2, 14). Яны абвяшчаюць нам, што Бог поўны хвалы, што Ён з’яўляецца Святлом, ззяннем Праўды і Любові: Deus caritas est – «Бог ёсць любоў».

Браты і сёстры. Несумненна, спакой сярод людзей тут, на зямлі, звязаны з нашым праслаўленнем Бога. Калі чалавек на зямлі славіць Бога, захоўвае Ягоныя запаведзі, чыніць дабро, то ён будуе «валадарства спакою і згоды». Звернем жа свае сэрцы і вочы да Бога-Дзіцяці. Шчыра памолімся за сябе і за тых, хто яшчэ не прыняў Бога ў сваё сэрца і не разумее, у чым сэнс жыцця, каб усе мы, дзеля каго Сын Божы прыйшоў на зямлю, сталі абаронцамі Яго дару спакою ў гэтым мітуслівым свеце, каб мы сталі вестунамі закліку Святога Айца Францішка да адкрытага братэрства: Fratelli tutti – «усе мы – браты».

Мае дарагія! Вялікая радасць Божага Нараджэння, абвешчаная анёламі, кранула сэрцы пастухоў і натхніла іх спяшацца з гэтай незвычайнай навінай у Бэтлеем. Спяшаймася ж таксама і мы ў наш «Бэтлеем», туды, дзе Бог аб’яўляецца нам. А Ён прыходзіць да нас у сакрамэнце Эўхарыстыі, праз які прагне ўвайсці ў кожнае чалавечае сэрца; у сакрамэнце пакаяння, дзе Езус Хрыстус дакранаецца да нашай душы сваім прабачэннем.

Наш «Бэтлеем» – гэта таксама і нашыя сем’і, калі мы праслаўляем Бога, застаючыся вернымі Яму і Яго запаведзям. У Вігілію Нараджэння Пана, дзелячыся аплаткай за святочным сталом і спяваючы калядныя песні, абвяшчайма адзін аднаму і свету: Pax in terra – «спакой на зямлі людзям добрай волі».

Благаслаўлёных святаў Божага Нараджэння, радасці, спакою, аднаўлення духоўных і фізічных сілаў у надыходзячым Новым 2024 годзе!

Божае Дзіцятка Езус, благаславі нас і любую Беларусь!