Віншаванне арцыбіскупа Юзафа Станеўскага з Вялікаднем 2024 года (ВІДЭА)
- 30 сакавіка, 2024
- Арцыбіскуп Юзаф Станеўскі
Хрыстус Уваскрос!
Сапраўды Уваскрос! Аллелюя!
Любыя Браты і Сёстры!
Уваскрасенне Езуса Хрыста з’яўляецца найважнейшай праўдай нашай веры. Менавіта дзякуючы Уваскрасенню Хрыстус аб’явіў сябе як сапраўднага Сына Божага, Валадара жыцця і смерці. Як вясновыя прамяні сонца раскрываюць пупышкі на галінах дрэў, так і выпраменьванне, якое зыходзіць ад Уваскрасення Хрыста, спрыяе нараджэнню і развіццю ўсіх чалавечых надзей, чаканняў і планаў.
Мае дарагія! Без веры ва Уваскрасенне Хрыста няма ні хрысціянства, ні хрысціяніна. Таму праўду аб Яго Уваскрасенні Каталіцкі Касцёл сёння нясе ў сваім сэрцы з жывой верай Марыі, Маці Езуса, Марыі Магдалены а таксама з верай апосталаў Пятра і Яна, якія першымі ўбачылі пустую грабніцу. Наша вера па-ранейшаму грунтуецца на сведчанні тых братоў і сясцёр, якія першымі ўбачылі адсунуты камень і пустую магілу, якія сведчылі, што ўкрыжаваны Езус уваскрос і размаўляў з імі (пар. Мк 16, 9-14).
Браты і Сёстры! Няхай святло Уваскрослага і Яго моц дакрануцца да ўсіх нас і дапамогуць стаць супрацоўнікамі Уваскрослага Пана. Няхай праўда аб Уваскрасенні ахіне ўсіх хрысціянаў і людзей добрай волі, якія разам з намі вызнаюць веру ва Уваскрослага Пана.
Няхай тыя, хто адчувае недахоп любові, адзіноту, пакінутасць – дзякуючы сустрэчы са сведкамі Уваскрасення – убачаць Хрыста, які іх любіць, прабачае і вядзе да Айца. Няхай Уваскрослы Хрыстус у сэрцы кожнага чалавека ўчыніць так, каб заўсёды перамагала святло над цемрай, дабро над злом, радасць над смуткам, надзея над адчаем, любоў над нянавісцю.
Няхай Уваскрослы Пан напоўніць нашыя сэрцы пасхальнай радасцю, любоўю і супакоем.
Шчаслівага і бласлаўлёнага Вялікадня кожнаму з вас!
Хрыстус Уваскрос!
Сапраўды Уваскрос! Аллелюя!