Брат Сяргей Мацюшонак OFMCap — новы настаяцель Кустодыі Меншых Братоў Капуцынаў у Беларусі
- 13 снежня, 2022
- Сatholic.by
У панядзелак 12 снежня ўступіў на пасаду новапрызначаны настаяцель Кустодыі Беларусі Ордэна Меншых Братоў Капуцынаў брат Сяргей Марыя Мацюшонак OFMCap.
Уступленне на пасаду адбылося ў мінскім доме капуцынаў у супольнасці братоў.
Пасля падпісання адпаведных дакументаў брат Сяргей даверыў сваё служэнне на пасадзе настаяцеля Маці Божай Гвадэлупскай, чый літургічны ўспамін адзначаўся ў той дзень.
На завяршэнне браты перадалі новаму кусташу знак супакою і заспявалі благаслаўленне святога Францішка.
Брат Сяргей Мацюшонак OFMCap паходзіць з парафіі святога Яна Хрысціцеля ў Валкалаце. У 1993 годзе ўступіў у Ордэн Меншых Братоў Капуцынаў. Свае новыя абавязкі распачаў у 22-ю гадавіну пасля вечных манаскіх абяцанняў. Пасля святарскіх пасвячэнняў, якія прыняў 13 чэрвеня 2002 года, брат Сяргей служыў у Беларусі ў розных парафіях, якімі апякуюцца браты капуцыны.
Новы кусташ вывучаў кананічнае права ва ўніверсітэце кардынала Стэфана Вышынскага ў Варшаве, а таксама ў Папскім Грыгарыянскім універсітэце ў Рыме.
Апошнія пяць гадоў брат Сяргей быў пробашчам парафіі святога Валянціна ў Смалявічах (Мінска-Магілёўская архідыяцэзія, Барысаўскі дэканат) і выконваў абавязкі віцэ-афіцыяла Міждыяцэзіяльнага касцёльнага суду.