Skip to main content

Арцыбіскуп Станеўскі прызначыў у Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі трох экзарцыстаў

Арцыбіскуп Станеўскі ўручае дэкрэт аб прызначэнні экзарцыстам айцу Леху Баханку OFMConv. Фота Віталія Палінеўскага

На пастырскай сустрэчы святароў Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі, якая адбылася адразу пасля Імшы Хрызма ў Вялікі чацвер, 14 красавіка, у катэдральным касцёле Найсвяцейшага Імя Марыі ў Мінску, было абвешчана пра новыя арганізацыйныя і адміністрацыйныя пастановы касцёльнай улады.

Адпаведнымі дэкрэтамі Мітрапаліт Мінска-Магілёўскі арцыбіскуп Юзаф Станеўскі прызначыў у архідыяцэзіі трох святароў экзарцыстаў. Імі сталі:

  • ксёндз Андрэй Сіповіч, пробашч парафіі Узвышэння Святога Крыжа ў Мінску (Кальварыя)
  • айцец Лех Баханэк OFMConv, парафія святога Міхала Арханёла ў Івянцы
  • айцец Сабеслаў Тамала OFM, пробашч парафіі святога Францішка ў Салігорску.

У адпаведнасці з Кодэксам кананічнага права, ніхто не можа здзяйсняць абрадаў экзарцызма над апантаным, калі не атрымаў ад мясцовага ардынарыя спецыяльнага і выразнага дазволу.

Такі дазвол ардынарый можа ўдзяліць толькі святару, які адзначаецца пабожнасцю, ведамі, разважлівасцю і бездакорным жыццём (пар. ККП 1172).

Першапачаткова, у раннехрысціянскія часы, функцыя экзарцыста з’яўлялася харызмай і не суправаджалася фармальным прызначэннем, а пазней так называлася адно з ніжэйшых пасвячэнняў, якія сёння назваюцца паслугамі, але сярод іх паслугі экзарцыста з 1972 года больш няма.

Сёння ў Каталіцкім Касцёле экзарцыстамі з’яўляюцца толькі біскупы і прызначаныя імі святары, якія маюць дазвол на правядзенне так званага «ўрачыстага, або вялікага экзарцызму». На практыцы гэта азначае дазвол выганяць дэманаў з апантаных асоб і маліцца над людзьмі, якім духоўна і фізічна шкодзяць нячыстыя духі.