Skip to main content

Агульнабеларуская сустрэча Рыцарства Беззаганнай прайшла ў Івянцы

8 чэрвеня
  • 11 чэрвеня, 2024
  • Тэкст і фота: Жанна Закрэўская // Kascelmery.by

8 чэрвеня ў Івянцы (Мінска-Магілёўская архідыяцэзія, Валожынскі дэканат) адылася другая агульнабеларуская сустрэча ўдзельнікаў касцёльнага руху Рыцарства Беззаганнай. У гэтым годзе ў спатканні акрамя гаспадароў прынялі ўдзел рыцары з Мёраў, Глыбокага, Удзела, Дзеркаўшчыны, Пяршаяў і Гродна.

Рыцарства Беззаганнай (Militia Immaculatae) — Марыйны касцёльны рух, створаны ў кастрычніку 1917 года святым Максімільянам Марыяй Кольбэ. Яго мэта — навяртанне грэшнікаў, а таксама асвячэнне душаў вернікаў праз заступніцтва Беззаганнай.

Праграма спаткання, якое сабрала разам рыцараў з Віцебскай і Гродзенскай дыяцэзіі, Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі, была вельмі насычанай і разнастайнай не толькі ў рэлігійным, але ў адукацыйным і культурным плане.

Сустрэча распачалася а 11-ай гадзіне ў касцёле святога Аляксея з ружанцовай малітвы і чэрвеньскага набажэнства да Найсвяцейшага Сэрца Езуса, якое завяршылася прысвячэннем Рыцарства Беззаганнай Сэрцу Пана Езуса. Перад Найсвяцейшым Сакрамантам Акт прысвячэння зачытаў айцец Яраслаў Марыя Банасяк OFMConv, Нацыянальны асістэнт па справах Рыцарства Беззаганнай ў Беларусі.

Затым адбылася святая Імша, якую ўзначаліў айцец Яўген Голуб OFMConv з Івянца гамілію прамовіў айцец Яраслаў Банасяк OFMConv, гвардыян кляштара айцоў-францішканаў у Удзеле. Падчас Літургіі адбыўся абрад ўрачыстага ўступлення ў Рыцарства Беззаганнай новых кандыдатаў, якія з рук айца Яраслава атрымалі медалікі.

Пасля Эўхарыстыі ўдзельнікі сустрэчы накіраваліся ў кляштар святога Антонія Падуанскага, дзе чакаў смачны абед ад айцоў-францішканаў. Пасля пасілку наведалі Івянецкі музей традыцыйнай культуры. Там пазнаёміліся з гісторыяй узнікнення і развіцця мястэчка, яго знакамітымі людзьмі. Цікавасць у наведвальнікаў музея выклікалі майстар-класы па ткацтве і ганчарству.

А 15-ай гадзіне ў капліцы Няспыннай адарацыі памаліліся Вяночак да Божай Міласэрнасці, які завяршыўся актам прысвячэння сябе Беззаганнай Панне Марыі паводле св. Максімільяна Марыі Кольбэ.

Праграму сустрэчы ў касцёле св.Міхала Арханёла прадоўжыў гістарычны экскурс пра будаўніцтва і лёс касцёлаў св.Аляксея (“чырвоны”) і св.Міхала Арханёла (“белы”), а таксама пра гісторыю айцоў-францішканаў у Івянцы. Рыцары больш падрабязна пазнаёміліся з біяграфіяй і мучаніцтвам францішканскіх бласлаўлёных Ахілеса Пухалы і Германа Стэмпеня, якія прынялі пакутную смерць у гады Другой сусветнай вайны, і ўшанавалі іх рэліквіі.

Пасля невялікага адпачынку рыцары сабраліся ў катэхетычнай зале, каб падвесці вынікі сустрэчы і абмеркаваць бягучыя пытанні. У ходзе фармацыйнага дыялогу а. Яраслаў Банасяк прадставіў удзельнікам літаратуру пра Рыцарства і культ Беззаганнай, узгадаў пра абавязак рыцараў расказваць людзям пра цудадзейны медалік і выкарыстоўваць для справы Беззаганнай усе магчымыя сродкі — малітву, пакаянне і прыклад хрысціянскага жыцця.

Падсілкаваўшыся вячэрай, вырушылі ў зваротны шлях. Ахвотныя наведалі месца мучаніцкай смерці бласлаўлёных францішканаў Ахілеса Пухалы і Германа Стэмпеня ў Баравікоўшчыне, дзе памаліліся аб іх заступніцтве. Па дарозе дадому схіліліся ў малітве перад абразом бласлаўлёных мучанікаў ў касцёле святога Юрыя ў Пяршаях — апошнім іх месцы працы.

Завяршылася чарговая сустрэча, а гэта значыць, што Рыцарства Беззаганай жыве і развіваецца на Беларусі. Яго ўдзельнікі людзі рознага сацыяльнага статусу і ўзросту. Маладзейшым удзельнікам сустрэчы быў 11-гадовы хлапчук з Івянца, а старэйшым — 86-ці гадовая жанчына з Удзельскай парафіі. Самы вялікі “стаж” рыцара меў  Генрых Бондар з Гродна, які далучыўся да руху яшчэ ў далёкім 1989 годзе. Усе яны праз малітву клапоцяцца пра навяртанне грэшнікаў і тых, хто яшчэ не пазнаў Хрыста, дбаюць пра еднасць хрысціянаў, а таксама пра асвячэнне ўсіх людзей пад апекай і праз пасрэдніцтва Найсвяцейшай Панны Марыі Беззаганнай.

Жадаючыя далучыцца да Рыцарста Беззаганнай могуць звяртацца да а. Яраслава Марыя Банасяк OFMConv па па тэл.: +375336965717 (Viber; Telegram).