Завяршыўся першы цыкл сустрэч праекта «Зярнятка», арганізаванага ў мінскай архікатэдры
- 23 ліпеня, 2025
- Тэкст і фота: Алеся Гедроіц // Catholicminsk.by
У суботу 19 ліпеня ў Цэнтры святога Лукі ў Ляскоўцы пры падтрымцы дабрачыннага таварыства Caritas Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі прайшла заключная сустрэча ўдзельнікаў першага цыклу сустрэч праекта «Зярнятка».
Разам са сваімі сем’ямі пад кіраўніцтвам ксяндза Аляксандра Шыманскага, які з’яўляецца духоўным кіраўніком і адным з арганізатараў праекта і каардынацыі аб’яднання валанцёраў парафіяльнага Caritas архікатэдральнай парафіі Імя Найсвяцейшай Панны Марыі, удзельнікі пасля супольнай малітвы правялі пікнік, дзе знаёміліся паміж сабой цэлымі сем’ямі, размаўлялі, дзяліліся ўражаннямі і смачнымі пачастункамі.

Праект «Зярнятка» стартаваў гэтай вясной у архікатэдральным касцёле цыклам сустрэч на тэму «Масты разумення або як паводзіць сябе з падлеткам». Мэтай праекта стала фармаванне прасторы для падтрымкі і дапамогі ў стварэнні здаровых узаемаадносін у сем’ях як падмурка для духоўнага росту і ўмацавання хрысціянскіх каштоўнасцей. Тут жадаючыя маглі атрымаць інфармацыю ад розных спецыялістаў, задаць хвалюючыя пытанні, вызначыць напрамкі для далейшага руху ў развіцці адносін.
Усяго ўдзельнікі наведалі шэсць сустрэч-лекцый з рознымі спецыялістамі (педагог, псіхолагі і катэхэт), дзе змаглі атрымаць не толькі каштоўную інфармацыю, але таксама параду, падтрымку ад людзей з такімі ж пытаннямі і сітуацыямі, а таксама пазнаёміцца з сем’ямі са сваёй супольнасці.

Арганізатары выказваюць падзяку пробашчу, ксяндзу каноніку Дзмітрыю Пухальскаму, за благаслаўленне гэтага праекта, а таксама за магчымасць арганізацыі і правядзення сустрэч, а таксама ўсім спецыялістам, якія дзяліліся з удзельнікамі не толькі ведамі, але і ўласным досведам і падтрымкай. Наступны цыкл сустрэч распачнецца гэтай восенню новай тэмай пра сямейныя адносіны. Да праекту ў любы час могуць далучыцца ўсе ахвочыя. Інфармацыя аб пачатку бліжэйшага цыкла будзе размешчана бліжэй да верасня. Па ўсіх пытаннях можна звяртацца да ксяндза Аляксандра Шыманскага ў архікатэдральны касцёл у Мінску.