Skip to main content

З нагоды юбілею арцыбіскуп Тадэвуш Кандрусевіч цэлебраваў святую Імшу падзякі ў Адэльску і Гродне

6 студзеня
  • 7 студзеня, 2026
  • Фота: кс. Павел Эйсмант, Антон Яскевіч, Яўген Явароўскі // Catholicminsk.by

6 студзеня ва ўрачыстасць Аб’яўлення Пана арцыбіскуп эмэрыт Тадэвуш Кандрусевіч раніцай цэлебраваў святую Імшу падзякі за восемдзясят  гадоў жыцця ў роднай парафіі ў Адэльску, а вечарам — у гродзенскай катэдры.

На пачатку ранишняй святой Імшы дастойнага іерарха прывітаў пробашч адэльскай парафіі ксёндз канонік Віктар Мыслюк.

У прамоўленай гаміліі арцыбіскуп падкрэсліў, што Божае Нараджэнне з’яўляецца дарам Бога для чалавецтва, а свята Трох Каралёў — аб’яўленнем Езуса язычнікам і адначасова заклікам да нас прынесці свае дары Яму і быць місіянерамі нашага часу.

Прамоўца прапанаваў вернікам прыгледзецца бліжэй, кім былі Тры Мудрацы, пра якіх распавядае Евангелле. Паводле Традыцыі, яны былі астраномамі, якія даследавалі рухі нябесных целаў. Аднак найважнейшым, паводле іерарха, з’яўляецца тое, што гэтае даследаванне ўвяло іх у гісторыю Божага Нараджэння.

Арцыбіскуп адзначыў, што іх паводзіны характарызуюцца пяццю наступнымі элементамі: падарожжа, следаванне за нябеснай зоркай, ахвярныя дары, вяртанне іншым шляхам і місіянерства.

Падарожжа. Тры Мудрацы прысвяцілі свой час, таленты і скарбы для рэалізацыі сваёй місіі. Іх падарожжа ў Бэтлеем з’яўляецца сімвалам унутранага падарожжа ад паганства да веры ў Езуса. Таму свята Аб’яўлення Пана, па словах арцыпастыра, неабходна ўспрымаць не столькі як падарожжа Трох Мудрацоў да Езуса, але перадусім як Яго аб’яўленне ім.

«Падобна да Трох Каралёў і мы павінны кіравацца Божай ласкай, якая вядзе да Хрыста, быць пілігрымамі надзеі. Юбілейны год надзеі завяршаецца, але надзея застаецца і яна вядзе ў новую будучыню»,

— натхніў прысутных арцыбіскуп Тадэвуш.

Следаванне за нябеснай зоркай. Тры Мудрацы ўбачылі новую зорку на небе, супаставілі яе з’яўленне з прароцтвамі аб нараджэнні Збаўцы і накіраваліся за ёй. Яна прывяла іх да Езуса.

«Бэтлеемкая зорка не перастала свяціць. Сёння яна праз паслугу Касцёла і хрысціянскае сведчанне вядзе людзей да Езуса»,

— правёў паралель прамоўца.

Ахвярныя дары. Мудрацы прынеслі Езусу дары золата як каралю, кадзіла як Богу і міра як Таму, хто сваімі цярпеннямі і крыжовай смерцю прыйшоў збавіць чалавецтва. З часам гэтыя дары Касцёл пачаў інтэрпрэтаваць як сімвалы веры, пабожнасці і міласэрнасці.

«Мы таксама павінны іх прыносіць Езусу — жыць глыбокай верай, практыкаваць пабожнасць і справы міласэрнасці»,

— прагучала чарговая выснова.

Вяртанне іншым шляхам. Анёл сказаў Тром Мудрацам не ісці да караля Ірада, але вяртацца дамоў іншай дарогай. Слова іншая дарога мае глыбокае духоўнае значэнне. Мудрацы вярталіся дамоў не толькі іншай фізічнай дарогай, але перадусім дарогай веры.

«Прыйшлі да Езуса як язычнікі, а адыйшлі ад Яго як веруючыя. Гэта таксама заданне для нас. Калі мы пазнаём Хрыста, змяняемся і таму не можам вяртацца да старога грэшнага стылю жыцця»,

— навучаў арцыпастыр.

Місіянерства. Тры Мудрацы пасля вяртання ў свае дамы распавядалі іншым людзям пра тое, што ўбачылі і гэтым самым сталі першымі місіянерамі. Таму свята Аб’яўлення Пана носіць місійны характар.

«Мы ўсе павінны несці Евангелле сучаснаму свету, бо ёсць яшчэ так шмат людзей, якія яго не ведаюць»,

— падсумаваў прамоўца.

3 студзеня заслужанаму іерарху споўнілася 80 гадоў, 45 з якіх гэта служэнне ў святарстве і 36 —  у біскупстве.

Юбіляр падзякаваў Богу за дар жыцця і паклікання і ўсім, хто стаяў на шляху яго чалавечай, хрысціянскай і святарскай фармацыі — перш за ўсё сваім бацькам, бабулі, сястры, блізкім і святарам; біскупам, святарам і кансэкраваным асобам у Беларусі і Расіі, з якімі працаваў і працягвае працаваць; вернікам за іх малітвы ў спрыяльныя моманты, калі ўсё складвалася добра, і ў цяжкія, напоўненыя выклікамі, выпрабаваннем, нявызначанасцю і хваробамі, моманты. Ён таксама папрасіў прабачэння, калі кагосьці пакрыўдзіў сваімі недахопамі, і запэўніў, што ім ніколі не кіравалі злыя намеры.

«Гады мінаюць, але жыццёвая пілігрымка надзеі працягваецца да той пары, пакуль дазваляе Бог»,

— адзначыў арцыбіскуп Тадэвуш, даверыўшы Богу і Марыі сваё жыццё і служэнне, і папрасіў аб малітвах, каб, па прыкладзе Трох Мудрацоў, «сам імкнуўся да Хрыста і вёў іншых па гэтым шляху, каб усе народы маглі пазнаць Бога».

Напрыканцы Імшы прадстаўнікі парафіі павіншавалі юбіляра з 80-годдзем. У прамоўленых словах вернікі адзначалі, што ў Адэльску ў іерарха «ўсё пачалося» і, вяртаючыся штораз на сваю малую радзіму, ён падтрымлівае сувязь с роднымі і землякамі. Яны пажадалі арцыбіскупу доўгіх гадоў жыцця, здароўя і «новых юбілеяў».

Затым арцыбіскуп Кандрусевіч асвяціў крэйду, кадзіла, міра і залатыя вырабы, якія з сабой прынеслі вернікі. Пасля сакратар арцыбіскупа ксёндз Павел Эйсмант акрапіў прысутных асвячанай вадой, а пробашч адэльскай парафіі ксёндз канонік Віктар Мыслюк здзейсніў іх акаджэнне.

Пасля Імшы святкаванне працягнулася ў катэхетычным класе, дзе адэльчане ў больш свабоднай форме маглі павіншаваць свайго славутага земляка.

Увечары ў катэдральнай базыліцы святога Францішка Ксавэрыя ў Гродне дастойны іерарх узначаліў урачыстую святую Імшу, на якую сабралася шмат вернікаў не толькі з мясцовай, але і іншых гродзенскіх парафій.

Напачатку Эўхарыстыі, вітаючы арцыпастыра, пробашч катэдральнай парафіі ксёндз канонік Ян Кучынскі падзяліўся некаторымі асабістымі ўспамінамі з часоў пачатку біскупскага служэння Тадэвуша Кандрусевіча.

На завяршэнне ўрачыстага святкавання словы віншавання ў адрас іерарха прамовіў пробашч. Святар на памяць падараваў яму макет гродзенскага фарнага касцёла, як паўсюдна ў Гродне называюць катэдральную базыліку.

Пасля яго юбіляра павіншавалі наймалодшыя і найважнейшыя парафіяне — дзеці. Разам з сястрой Марленай Касцельны ISSM яны заспявалі віншавальную песню, словы якой напісала іх духоўная выхавацелька. Іерарх падчас віншавання не хаваў свайго ўзрушэння, адзначыўшы, што ўсё, што пра яго спявалася, — праўда.