Skip to main content

“З надзеяй наперад!” Мітрапаліт Мінска-Магілёўскі арцыбіскуп Юзаф Станеўскі павіншаваў выпускнікоў Мінскага тэалагічнага каледжа імя святога Яна Хрысціцеля

15 чэрвеня
  • 18 чэрвеня, 2024
  • Тэкст: Жанна Мецеж, фота: Алена Маціеўская // Catholicminsk.by

15 чэрвеня ў Мінскім тэалагічным каледжы імя святога Яна Хрысціцеля адбылося ўрачыстае завяршэнне чарговага навучальнага года і ўручэнне дыпломаў выпускнікам. Выдатнікі атрымалі дыпломы з адзнакай.

Цырымонія заканчэння навучальнага года з удзелам навучэнцаў каледжа адбылася ў парафіі Святога Духа, што знаходзіцца ў мінскім мікрараёне Чыжоўка.

Урачыстасць традыцыйна распачалася святой Імшой, якую ўзначаліў Мітрапаліт Мінска-Магілёўскі арцыбіскуп Юзаф Станеўскі, які на пачатку прывітаў прысутных дырэктара, выкладчыкаў, навучэнцаў і выпускнікоў каледжа. У сваёй прамове іерарх адзначыў, што, нягледзячы на тое, што многіе лічаць навучанне ў каледжы асабістай справай, на самой справе, веды, атрыманыя для паглыблення веры, нельга захоўваць толькі ўнутры сябе – імі трэба карыстацца на карысць Касцёла.

“Людзі чакаюць, каб мы дапамаглі ім спазнаць навуку Езуса Хрыста”, – сказаў Мітрапаліт.

Гамілію да прыстуных прамовіў Генеральны вікарый Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі біскуп Юрый Касабуцкі. Звяртаючыся да навучэнцаў, ён адзначыў важнасць ролі свецкіх асоб у апостальскай місіі Касцёла і сканцэнтраваў сваю ўвагу на дакуменце II Ватыканскага Сабору – Дэкрэце пра апостальства свецкіх “Apostolicam Actuositatem”, якому у наступным годзе споўніцца 60 гадоў.

“Апостальская дзейнасць свецкіх таксама з’яўляецца пакліканнем”, – зацытаваў словы Дэкрэта біскуп Касабуцкі.

Нягледзячы на тое, што жыццё не стаіць на месцы, сённяшнія ўмовы патрабуюць больш інтэнсіўнага пашырэння апостальства свецкіх. Апостальства становіцца ўсё больш неабходным, асабліва ў наш час, калі дзейнасць чалавека “спалучаецца з пэўным адыходам ад этычнага і рэлігійнага парадку і з небяспекай для хрысціянскага жыцця”, – гаворыцца ў Дэкреце.

“Праца апостальства свецкіх з’яўляецца неабходнай у навучальнай функцыі Касцёла”, – падкрэсліў іерарх. “Касцёл без супрацоўніцта свецкіх амаль перастаў бы дзейнічаць”.

“Свецкія людзі здейсняюць сваю частку ў місіі Касцёла”, – кажа Дэкрэт. “Сам прыклад хрысціянаскага жыцця з’яўляецца прывабным для іншых, калі ён адбываецца згодна з дабром”, –дапоўніў цытату з Дэкрэту біскуп Юрый Касабуцкі. Іерарх зрабіў спасылку на словы апостала Паўла: “Гора мне, калі я не абвяшчаю Евангелля” (1 Кар 9, 16). Гэтыя словы, паводле меркавання прапаведніка, павінны знайсці водгук ў кожным сэрцы.

“Вы не проста прыйшлі ў каледж, таму што вам цікава. Гэта толькі пачатак. Кожны з вас павінен знайсці сваё месца ў Касцёле. Вельмі важна дзяліцца сваімі ведамі, бо Божае слова патрэбна ў любым асяроддзі”, – заўважыў біскуп Касабуцкі. – “Папа Францішак заклікае нас знайсці сваё месца, бо кожны з нас мае сваю моц, якой абавязкова трэба карыстацца”.

Біскуп параўнаў навучэнцаў каледжа з алейнымі свечкамі, агонь у якіх неабходна няспынна падтрымліваць. “Калі вы не будзеце падліваць у гэтую свечку алей, яна хутка пагасне. Таму вельмі важна, каб вы імкнуліся свае веды паглыбляць і пашыраць. Калі вы робіце гэта, вы становіцеся як апосталы”, – дапоўніў біскуп.

Напрыканцы сваёй прамовы біскуп Касабуцкі даў выпускнікам каледжа заданне: “Каб кожны з вас прывёў да Бога хаця б аднаго чалавека!” І заклікаў: “Давайце Евангелле на далоні! Словам і чынам”. Словы біскупа дапоўніў пастыр Касцёла на Міншчыне і Магілёўшчыне Юзаф Станеўскі: “Каб і на наступны год былі тыя, хто адважыцца прайсці гэты шлях!”

Пасля святой Імшы ўрачыстасць працягнулася ў дольнай частцы святыні, дзе пастыр дыяцэзіі і дырэктар каледжа ксёндз канонік Ян Крэміс уручылі выпускнікам дыпломы і сертыфікаты. Іх атрымалі адзінаццаць навучэнцаў асноўнага курса каледжа і шэсць навучэнцаў курса паслядыпломнай адукацыі.

Ксёндз Ян Крэміс асабліва падкрэсліў, што ў гэтым годзе сярод выпускнікоў каледжа з’явіліся першыя касцёльныя сурдаперакладчыкі.

Лепшай студэнткай сёлетняга выпуску названа Каралькова Алена, якая за тры гады вучобы набрала найвышэйшую колькасць балаў і атрымала дыплом з адзнакай.

“Спадзяюся, што веды, якія ў мяне цяпер ёсць, будуць каштоўнымі для іншых. Але, самае галоўнае, каб гэтыя веды на Хвалу Айца таксама дапамаглі людзям дайсці да Збаўлення”, – паведаміла Алена Каралькова ў размове з Catholic.by.

Выпускніца-выдатніца прызналася, что часам было складана вучыцца, але дапамагла падтрымка яе сям’і і асабліва мужа Вадзіма. Яна марыць выкладаць катэхезіс дарослым вернікам. “Але як пробашч вырашыць…” – дадала з усмешкай Алена.

Алена Каралькова была накіравана ў каледж ад парафіі святога Казіміра ў Маладзечне. На жаданне вывучаць катэхізіс яе натхніла Святое Пісанне.

“Аднойчы, калі я слухала казанне падчас Імшы, я зразумела, што там ёсць штосьці большае і прыгожае, чаго я не разумею і не магу спазнаць сваім розумам”, – сказала выпускніца.

Спачатку Алене хацелася больш ведаць пра Пана Бога і праз гэта знайсці сябе. Але пасля заканчэння каледжа меркаванне Алены змянілася.

“Зараз я разумею, што не хачу і не маю права стрымліваць свае веды ў сябе” – упэўнена сказала выдатніца.

Напрыканцы цырымоніі ўручэння дыпломаў арцыбіскуп Юзаф Станеўскі павіншаваў выпускнікоў, пасля чаго ўдзяліў усім прысутным пастырскае благаслаўленне с пажаданнем, “каб дыялог паміж вамі і Касцёлам не спыняўся, а пашыраўся”.

“З надзеяй наперад!” – прагучаў заклік Мітрапаліта, скіраваны да выпуснікоў каледжа.

Учорашнія студэнты выказалі словы падзякі прысутным біскупам і выкладчыкам каледжа за атрыманыя веды і духоўную падтрымку.

Выпуск 2024 года – дванаццаты з моманту адкрыцця тэалагічнага каледжу ў Мінску.

Ксёндз канонік Ян Крэміс, дырэктар каледжа, анансаваў тэрміны чарговай уступнай кампаніі, якая распачнецца 20 чэрвеня і працягнецца па 20 жніўня 2024 года.

Мінскі тэалагічны каледж імя святога Яна Хрысціцеля заснаваны ў 2010 годзе і дзейнічае з мэтай падрыхтоўкі спецыялістаў для розных напрамкаў рэлігійнай дзейнасці ў каталіцкіх святынях.