Skip to main content

Выпускнік Міждыяцэзіяльнай семінарыі абараніў магістарскую дысертацыю па гісторыі Касцёла

17 чэрвеня
  • 25 чэрвеня, 2024
  • Тэкст і фота: Аляксандр Шыманскі

17 чэрвеня 2024 года пры дапамозе анлайн тэхналогій выпускнік Міждыяцэзіяльнай вышэйшай духоўнай семінарыі ў Гродне Аляксандр Шыманскі абараніў магістарскую дысертацыю па прадмеце “гісторыя Касцёла” ў Люблінскім каталіцкім універсітэце (Польшча).

Праца маладога тэолага, напісаная, паводле ацэнкі камісіі, грунтоўна і глыбока, прысвечана жыццядзейнасці праваслаўнага біскупа святога Георгія Каніскага.

Вывучэнне гісторыі Праваслаўнай Царквы з’яўляецца актуальным напрамкам у айчыннай гістарычнай думцы. Прадстаўнікі разнастайных цэркваў і канфесій прымаюць актыўны ўдзел у духоўным развіцці грамадства, удзельнічаюць у форумах, праводзяць канферэнцыі, сімпозіумы, што, безумоўна, выклікае жывую цікавасць да рэлігійнай спадчыны ў нашай дзяржаве.

Таксама варта адзначыць, што для Каталіцкага Касцёла вывучэне гісторыі і традыцый Праваслаўнай Царквы мае вялікае значэнне і пэўную каштоўнасць. Такі падыход адкрывае перспектывы для рэалізацыі хрысціянскага дыялогу, прынцыпы якога былі распрацаваны на Другім Ватыканскім саборы. У  сувязі з антрапалагічным паваротам у гістарычнай навуцы, калі гісторыя вывучаецца не праз працэсы сацыльна-палітычнага і эканамічнага жыцця, але праз прызму асобы, цікавасць да знакамітых дзеячаў Беларусі з’яўляецца неабходнай і неад’емнай часткай развіцця Касцёла.