Вучым клапаціцца правільна: серыя трэнінгаў па догляду людзей з дэменцыяй прайшлі ў Мінску і Магілёве
- 13 кастрычніка, 2025
- Тэкст і фота: Дзмірый Мельнікаў // Catholicminsk.by
З 7 па 10 кастрычніка адбылася серыя спецыялізаваных трэнінгаў на тэму «Базавы курс па догляду пажылых людзей з дэменцыяй». Мерапрыемствы былі арганізаваны ў рамках новага праекта Caritas Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі пад назвай «Якаснае жыццё з дэменцыяй. Падтрымка людзей з дэменцыяй і іх сваякоў».
Удзельнікамі сталі спецыялісты раённых цэнтраў сацыяльнага абслугоўвання насельніцтва (РЦСАН), пансіянатаў і іншых сацыяльных устаноў Мінска і Магілёва.
Трэнерам выступіла Аляксандра Шчоткіна, вядомы спецыяліст у галіне догляду хворых з дэменцыяй, прэзідэнт «Фонду Альцрус», аўтар навучальных курсаў і заснавальнік сеткі альцгеймер-кафэ «Незабудка» ў Расіі.

Перад пачаткам трэнінгу ў Магілёве ўсіх прысутных прывітаў Генеральны вікарый Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі біскуп Аляксандр Яшэўскі SDB. У сваёй прывітальнай прамове ён падкрэсліў, што ў Беларусі, як і ва ўсім свеце, колькасць людзей з дэменцыяй няўхільна расце.
І менавіта вы, супрацоўнікі сацыяльных цэнтраў, часта аказваецеся тымі, хто першы заўважае боль, разгубленасць і патрэбу ў дапамозе. Вы — на перадавой чалавечнасці. Як кажа Святое Пісанне: “Нясіце цяжары адзін аднаго, і так выканаеце закон Хрыстовы” (пар. Гал 6, 2). Вы нясеце цяжар тых, хто сам ужо не можа яго несці. І гэта — сапраўднае служэнне», — адзначыў іерарх.

Чарговае мерапрыемства адбудзецца ўжо ў лістападзе ў Мінску і Магілёве.
«У праекце мы падымаем вельмі складаную і балючую тэму, якая тычыцца ментальнага здароўя, а менавіта змен у чалавечым жыцці пры наяўнасці дэменцыі. Мы лічым, што інфармаванасць, разуменне і своечасовае выяўленне сімптомаў дазваляе запаволіць прагрэсаванне захворвання і павысіць якасць жыцця як пацыента, так і яго блізкіх», — гаворыць Таццяна Жук, кіраўнік праектнай дзейнасці Caritas.
















