Skip to main content

Старшыня ККББ арцыбіскуп Станеўскі скіраваў віншаванне біскупу Велікасельцу

18 мая
  • 19 мая, 2024
  • Паводле Catholic.by

Ваша Эксэцленцыя,
Найдастойнейшы біскуп Казімір Велікаселец!

З нагоды 40-годдзя святарства і 25-гадовага юбілею біскупскага служэння ад імя Канферэнцыі Каталіцкіх Біскупаў у Беларусі прыміце самыя шчырыя словы пажаданняў і адначасова падзякі за прыняцце натхненняў Духа Святога, а таксама за вытрымку, мудрасць і разважлівую паставу вучня Хрыста ў рэалізацыі волі Божай.

Кожны юбілей — гэта добрая нагода для таго, каб выказаць перад Богам і людзьмі словы ўдзячнасці і ўзнесці малітву за дар жыцця і паклікання, за дар служэння і ахвяры.

Дзякую Богу за жыццё Вашай Эксцэленцыі, якое Вы атрымалі праз любоў вашых бацькоў Яніны і Вінцэнта, прыйшоўшы на свет 79 гадоў таму, 5 мая 1945 года, у вёсцы Стараволя Пружанскага раёна.

Дзякую за дар веры і прынятыя сакрамэнты, якія дапамаглі Вам узрастаць у ласцы Божай і развівацца ў духоўным жыцці, чаму, напэўна, паспрыяў і прыклад святога Андрэя Баболі, апостала Палесся, і вашых веруючых бацькоў, асабліва таты, які дзясяткі кіламетраў вёз Вас, малога, на ровары да бліжэйшага касцёла.

Нягледзячы на атэістычнае супрацьстаянне, ваша вера развівалася, дапамагла Вам выстаяць падчас службы ў войску, дапамагла і падчас цяжкай працы на будоўлі ў Вільні, дзе вы пазнаёміліся з айцамі дамініканамі, з якімі пазней звязалі свой святарскі лёс.

Дзякуем сёння разам з Вамі за дар манаскага паклікання, але, відаць, аднаго паклікання было недастаткова. Бог выпрабоўваў ваш намер паступлення ў Рыжскую семінарыю: на працягу трох гадоў разам з цяперашнім біскупам Пінскім Антоніем Дзям’янкам і іншымі святарамі вы падпольна вучыліся ў доктара тэалогіі ксяндза інфулата Вацлава Пянткоўскага ў парафіі святых апосталаў Пятра і Паўла ў Мядзведзічах, што на Ляхавіччыне.

Пасля заканчэння Рыжскай духоўнай семінарыі ў 1984 годзе, ва ўрачыстасць Найсвяцейшай Тройцы Вы атрымалі сакрамэнт пасвячэння ў ступені прэзбітэрату з рук кардынала Юліяна Вайвадса і прызначэнне ў сваю першую парафію — Святой Тройцы ў Ішкалдзі. Пад Вашай духоўнай апекай былі таксама парафіі ў Юшкавічах, Гарадзішчы, Сталовічах, Паланечцы, Новым Свержні, Гарадзеі, Карэлічах, Міры, Ганцавічах. Акрамя душпастырскага служэння, Вы займаліся і надалей займаецеся адбудоваю, рамонтам і будаўніцтвам святыняў.

Дзякуем Богу за тое, што ў сваёй прадбачлівасці і ласкавасці Ён адарыў вас даверам і яшчэ большай любоўю, паклікаўшы да выканання апостальскай місіі: 24 чэрвеня 1999 года ў пінскай катэдры Унебаўзяцця Найсвяцейшай Панны Марыі адбылося ўрачыстае біскупскае пасвячэнне Вашай Эксцэленцыі, якое здзейсніў «Сведка веры» кардынал Казімір Свёнтэк.

Ад свайго імя, ад імя духавенства і вернікаў Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі дзякую Вам за тое, што Вы згадзіліся з рашэннем Папы Францішка і прынялі пастырскую адказнасць за статак архідыяцэзіі на пасадзе яе Апостальскага адміністратара з 3 студзеня па 23 кастрычніка 2021 года.

Ваша Эксцэленцыя, Дастойны Юбіляр! Жадаем, каб і надалей Вы вялі актыўны дыялог з Панам, які няспынна яго з намі падтрымлівае. Няхай наступныя гады вашай пастырскай паслугі будуць пад чулай апекай Маці Божай Марыі ў яе Чэнстахоўскім, Лагішынскім, Будслаўскім і Гомельскім абразах. Святы Андрэй Баболя, апостал Палесся, няхай дапамагае Вам у пераадоленні ўсіх цяжкасцяў і адлегласцяў, якія сустракаюцца на Вашым пастырскім шляху, а святы Казімір, каралевіч, няхай надалей застаецца для Вас узорам трывалай малітвы перад Панам.