Вернікі парафіі св. Антонія ў Магілёве наведалі Гродна
- 18 мая, 2024
- Тэкст і фота: Соф’я Ананіч
13 мая, ва ўспамін Найсвяцейшай Панны Марыі Фацімскай, вернікі парафіі св. Антонія Падуанскага ў Магілёве разам са сваім душпастырам а. Віталіем Чабатаром CMF наведалі старажытны “каралеўскі” горад Гродна.
Група падарожнічала цягніком, які спалучае два гарады: Магілёў і Гродна.
Першым пунктам наведвання была св. Імша ў катэдральнай базыліцы св. Францішка Ксаверыя, якую гродзенцы здаўна называюць “фарным касцёлам”. Пілігрымы атрымалі магчымасць памаліцца каля цудадзейнага абраза Маці Божай Кангрэгацкай (Студэнцкай), які знаходзіцца ў базыліцы.
Далей у праграме падарожжа значыўся пабрыгіцкі касцёл Звеставання Найсвяцейшай Панны Марыі, які з’яўляецца адным з нешматлікіх у Беларусі рэктаральных касцёлаў, г. зн. пры якіх няма парафіі. Ксёндз-канонік Антоній Грэмза, рэктар касцёла, правёў пазнавальную экскурсію па святыні і яе сутарэннях.
Затым магілёўцы адправіліся ў Гродзенскую Вышэйшую Духоўную Семінарыю, каб паглядзець, дзе навучаюцца будучыя беларускія святары. Семінарыя змяшчаецца ў будынку старадаўняга пабернардынскага кляштара, прыбудаванага да пабернардынскага касцёла Узвышэння Святога Крыжа. Вернікі на хвілінку затрымаліся на малітву ў гэтым найстарэйшым захаваным гродзенскім касцёле.
Перайшоўшы па мосце праз Нёман, пілігрымы памаліліся ў касцёле айцоў-францішканаў пад тытулам Маці Божай Анёльскай. Менавіта там стагоддзе таму служыў і выдаваў часопіс “Рыцар Беззаганнай” св. Максіміліян Марыя Кольбе, мучанік Другой сусветнай вайны.
Вярнуўшыся ў цэнтр горада, вернікі наведалі Стары і Новы замкі. Са спісу святыняў яны “залічылі” яшчэ Гродзенскую харальную сінагогу, старадаўнюю Каложскую і больш новую Пакроўскую царкву.
І вось пілігрымка падышла да свайго завяршэння. А яе ўдзельнікі, поўныя уражанняў, гэтым жа цягніком вярнуліся ў свой родны горад Магілёў.