Skip to main content

Велікодную радасць прынеслі вернікі мінскай парафіі выхаванцам гомельскай інклюзіўнай установы

  • 19 красавіка, 2024
  • Тэкст: Дзіяна Юнда, фота: кс. Аляксандр Сушынскі SAC, кс. Яўген Эйсмант SAC

Падчас Велікоднага перыяду вернікі парафіі св. Андрэя апостала і св. Леапольда Багдана Мандзіча разам з ксяндзамі палатынамі Аляксандрам Сушынскім SAC і Яўгеніем Эйсмантам SAC падзяліліся радасцю Уваскрасення Хрыста і цеплыней свайго сэрца з выхаванцамі Гомельскага дома-інтэрната для дзяцей-інвалідаў з асаблівасцямі псіхафізічнага развіцця. Падчас Вялікага Посту яны збіралі неабходныя сродкі гігіены, бытавую хімію і салодкія пачастункі, каб пасля Урачыстасці Уваскрасення Хрыста перадаць іх дзецям.

Набываючы рэчы для асаблівых дзяцей і вырушаючы ў доўгае падарожжа, святары і парафіяне маладой мінскай парафіі, якая будуе касцёл, далі прыклад міласэрнасці, якая выклікае радасць, памятаючы пра словы апостала Паўла з Паслання да Галатаў: “Не спыняймася рабіць дабро, бо ў свой час і жаць будзем, калі не аслабнем. Дык вось, пакуль дадзены час, будзем рабіць дабро ўсім” (Гал 6, 9–10a).