У Ватыкане прайшла ўрачыстая інаўгурацыя пантыфікату Льва XIV
- 19 мая, 2025

18 мая на плошчы Святога Пятра ў Ватыкане з нагоды ўрачыстай інаўгурацыі пантыфікату Льва XIV сабраліся вернікі з розных кантынентаў у колькасці каля 250 тысяч, прадстаўнікі больш як 150 дзяржаў, дэлегацыі розных хрысціянскіх канфесій і рэлігій.
Перад Імшой Пантыфік праехаў на папамабілі па плошчы Святога Пятра і прылеглай да яе рымскай вуліцы Дэла-Канцыліяцыёнэ, каб прывітаць усіх пілігрымаў.
Пасля прывітання Леў XIV накіраваўся ў Базыліку Святога Пятра, дзе разам з Патрыярхамі Усходніх Цэркваў ушанаваў магілу апостала Пятра, якая знаходзіцца пад галоўным папскім алтаром. Затым Папа, Патрыярхі і іншыя іерархі накіраваліся ў працэсіі да алтара, усталяванага перад ватыканскай базілікай. Разам з імі ішлі дыяканы, якія неслі Евангелле, а таксама пастырскі палій і Пярсцёнак Рыбака — сімвалы папскага служэння.
Падчас цэлебрацыі палій Льву XIV уручыў італьянскі кардынал Марыё Дзэнары. Затым кангалезскі кардынал Фрыдалін Амбонга Бесунгу прамовіў малітву за Святога Айца, а філіпінскі кардынал Луіс Антоніа Тагле ўручыў Пярсцёнак Рыбака.
Літургія прадугледжвала таксама цырымонію складання абяцання паслухмянасці новаму Пантыфіку. Ад імя кардыналаў гэты жэст здзейснілі кардыналы Франк Лео з Канады, Хаймэ Шпэнглер з Бразіліі і Джон Рыбат з Папуа-Новай Гвінеі. У абрадзе прыняў удзел таксама перуанскі біскуп Луіс Альберта Барэра, святар, дыякан, прадстаўнікі манаскіх супольнасцей, сярод якіх генеральны настаяцель езуітаў, ксёндз Артура Соса, а таксама сужэнская пара і прадстаўнікі моладзі.
На пачатку гаміліі Леў XIV аддаў даніну пашаны свайму папярэдніку Папу Францішку, падкрэсліўшы, што яго смерць «напоўніла нашы сэрцы смуткам, і ў тыя цяжкія хвіліны мы адчулі сябе як натоўпы, пра якія ў Евангеллі сказана, што яны былі “як авечкі без пастыра” (Мк 6, 34)».
«Я быў абраны без якіх-небудзь заслуг і са страхам і трапятаннем прыходжу да вас як брат, які хоча быць слугой вашай веры і вашай радасці, ідучы з вамі па шляху любові Бога, які хоча, каб мы ўсе былі аб’яднаныя ў адну сям’ю»,
— сказаў Леў XIV, падкрэсліўшы, што «любоў і адзінства – гэта два вымярэнні місіі, даручанай Пятру Езусам».
Папа заўважыў, што Езус даверыў першым вучням заданне быць «лаўцамі людзей». Пантыфік адзначыў, што выконваць гэтую місію і быць пастырам Божага статку Пётр мог толькі трываючы ў любові Бога: «Служэнне Пятра адзначана менавіта гэтай самаахвярнай любоўю, бо Касцёл Рыма старшынствуе ў любові, і яго сапраўдная ўлада – гэта любоў Хрыста. Гаворка ніколі не ідзе пра захоп іншых праз прыгнёт, рэлігійную прапаганду ці сродкі ўлады, але заўсёды і толькі пра любоў, як рабіў Езус».
«Насамрэч, мы ўсе — “жывыя камяні”, пакліканыя праз хрост будаваць Божы дом у братэрскай еднасці, у гармоніі Духа, у суіснаванні разнастайнасці. Як сцвярджае святы Аўгустын: “Касцёл складаецца з усіх тых, хто жыве ў згодзе са сваімі братамі і хто любіць бліжняга свайго», — нагадаў Пантыфік.
«Браты і сёстры, я хацеў бы, каб гэта стала нашым першым вялікім жаданнем: з’яднаны Касцёл – знак адзінства і еднасці, якая становіцца закваскай для прыміранага свету»,
— сцвердзіў Папа.
Пантыфік адзначыў, што «ў наш час мы ўсё яшчэ бачым занадта шмат разладу, занадта шмат ран, выкліканых нянавісцю, гвалтам, забабонамі, страхам перад тымі, хто адрозніваецца, і эканамічнай парадыгмай, якая эксплуатуе рэсурсы Зямлі і адкідвае на ўзбочыну грамадства найбяднейшых». «І мы хочам быць у гэтым цесце малой закваскай адзінства, еднасці, братэрства. Мы хочам сказаць свету з пакорай і радасцю: зірніце на Хрыста! Падыдзіце бліжэй да Яго! Прыміце Яго Слова, якое асвятляе і суцяшае! Пачуйце Яго заклік, поўны любові — стаць Яго адзінай сям’ёй: у адзіным Хрысце мы адно…», — сказаў Святы Айцец.
«Браты, сёстры, гэта час любові! Божая любоў, якая робіць нас братамі паміж сабой — гэта сэрца Евангелля. І сёння мы разам з маім папярэднікам Львом XIII можам спытаць сябе: “калі б гэты крытэрый пераважаў у свеце, ці не спыніліся б адразу ўсе разлады і ці не вярнуўся б, магчыма, мір?”» — сказаў Пантыфік, спаслаўшыся на энцыкліку Rerum novarum.
«З дапамогай святла і сілы Святога Духа, давайце будаваць Касцёл, які заснаваны на любові да Бога і з’яўляецца знакам адзінства, місіянерскі Касцёл, які адкрывае свае абдымкі свету, які абвяшчае Слова, які дазваляе гісторыі крануць яго і які становіцца закваскай гармоніі для чалавецтва»,
— сказаў напрыканцы гаміліі Леў XIV, заклікаўшы: «Разам, як адзін народ, як усе браты, давайце ісці да Бога і любіць адзін аднаго».