Skip to main content

У Стоўбцах у Вялікі чацвер адбылося благаслаўленне і прэзентацыя новага аргана

2 красавіка
  • 3 красавіка, 2026
  • Тэкст: вернікі парафіі / Фота: Ганна Бычынская // Catholicminsk.by

У Вялікі чацвер, 2 красавіка, у касцёле ў Стоўбцах адбылася важная і радасная падзея для ўсёй парафіяльнай супольнасці — благаслаўленне і ўрачыстая прэзентацыя новага аргана. Літургію ўзначаліў біскуп Аляксандр Яшэўскі SDB, Генеральны вікарый Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі.

Перад пачаткам Імшы Вячэры Пана біскуп здзейсніў абрад благаслаўлення аргана, падкрэсліўшы, што музыка заўсёды займала асаблівае месца ў жыцці Касцёла, бо яна дапамагае вернікам глыбей уваходзіць у таямніцу малітвы і літургіі. Абрад благаслаўлення, таксама вядомы як «абуджэнне аргана», падкрэслівае духоўнае значэнне інструмента ў жыцці супольнасці.

Новы інструмент стаў плёнам намаганняў ксяндза каноніка Ігара Лашука, пробашча парафіі, і мясцовых парафіян. Арган быў прывезены з Германіі, а яго зборкай займаўся арганны майстар спадар Гуннар Шмідт з Каўфбойрэна (ФРГ), прадаўжальнік сямейнай арганабудаўнічай традыцыі.

Падчас гаміліі біскуп Аляксандр нагадаў, што Вялікі чацвер адкрывае перад намі таямніцу Апошняй вячэры і адначасова драматычны пачатак пакут Хрыста. Пасля Імшы Вячэры Пана алтар будзе аголены, што стане знакам таго, як Езус уваходзіць у ноч здрады, самоты і прыніжэння.

Біскуп падкрэсліў, што ў гэтую ноч нават найбліжэйшыя вучні не змаглі застацца вернымі:

«Апосталы, Яго найлепшыя сябры, спакусіліся і разгубіліся, бо не разумелі, чаму Бог дапусціў такое прыніжэнне свайго Сына. Толькі пасля Уваскрасення і сыходу Духа Святога іх вочы адкрыліся, і яны распазналі ў пакутах Хрыста прамяні Яго боскай велічы».

Ён заклікаў вернікаў часта разважаць над мукай Пана, бо менавіта праз гэта мы вучымся распазнаваць прысутнасць Бога нават у цемры чалавечых выпрабаванняў.

У сваёй гаміліі біскуп нагадаў словы Хрыста на Апошняй вячэры — словы поўныя пяшчоты, даверу і спакою, нягледзячы на тое, што Ён ведаў пра здраду, адрачэнне і пакінутасць.

«Езус не асуджае сваіх вучняў, — адзначыў іерарх, — але называе іх сябрамі, умацоўвае і суцяшае. Ён устанаўлівае Эўхарыстыю — Сакрамэнт, які застаецца з намі да канца часоў і які з’яўляецца цэнтрам жыцця Касцёла».

Асаблівую ўвагу біскуп звярнуў на жэст абмывання ног — знак пакоры і любові, які Хрыстус пакінуў як запавет для ўсіх сваіх вучняў.

Падчас абрада благаслаўлення аргана ў святыні ўпершыню прагучалі яго гукі. Вернікі сустрэлі гэта з вялікай радасцю і ўдзячнасцю. Біскуп падкрэсліў, што арган стане не толькі ўпрыгожаннем касцёла, але і важным інструментам духоўнага жыцця парафіі:

«Няхай гук гэтага аргана ўзносіць вашыя сэрцы да Бога, няхай дапамагае вам глыбей перажываць святасць Імшы і будзе вашым удзячным адказам на дар Эўхарыстыі».

Ён таксама выказаў шчырую падзяку ксяндзу каноніку Ігару Лашуку, парафіянам і ўсім, хто сваёй ахвярнасцю і працай зрабіў магчымым з’яўленне гэтага інструмента.

У завяршэнне біскуп заклікаў вернікаў у гэтыя святыя дні наблізіцца да Хрыста, які працягвае паўтараць: «Прыйдзіце да Мяне ўсе, хто працуе і абцяжараны, і Я супакою вас» (пар. Мц 11, 28).

«Калі падчас Пасхальнай Вігіліі вы зноў пачуеце гук новага аргана, — сказаў пастыр, — няхай ён стане для вас голасам адраджэння, голасам перамогі Хрыста над цемрай і смерцю. Няхай уваскрослы Пан жыве ў вашых сэрцах і вашай супольнасці».