У Папы Францішка здарыліся два эпізоды вострай дыхальнай недастатковасці
- 4 сакавіка, 2025
- Аляксандр Панчанка // Vatican News
Помнік святому Яну Паўлу ІІ перад клінікай Джэмэлі (AFP or licensors)
У Папы Францішка адбыліся два эпізоды вострай дыхальнай недастатковасці, гаворыцца ў вячэрнім медыцынскім бюлетэні, апублікаваным 3 сакавіка Залай Друку Апостальскай Сталіцы.
Vatican News пераказвае словы паведамлення:
“На працягу сённяшняга дня Святы Айцец перанёс два эпізоды вострай дыхальнай недастатковасці, выкліканыя значным назапашваннем эндабранхіяльнай слізі і наступным бронхаспазмам. У сувязі з гэтым былі праведзены дзве бронхаскапіі з неабходнасцю адсмоктвання вялікай колькасці сакрэту”.
Адзначаецца таксама, што “ў другой палове дня была ўзноўлена неінвазіўная штучная вентыляцыя лёгкіх”. Святы Айцец увесь час заставаўся ў прытомнасці, арыентаваўся і супрацоўнічаў з медыцынскім персаналам. Прагноз застаецца асцярожным, – падкрэсліваецца ў бюлетэні.
88-гадовы Пантыфік шпіталізаваны з двухбаковым запаленнем лёгкіх з 14 лютага. Ён праходзіць лячэнне ў рымскай клініцы “Джэмэлі”.