Skip to main content

У Папы Францішка выяўлена двухбаковае запаленне лёгкіх

  • 19 лютага, 2025
  • Тэкст: Ксёндз Аляксандр Амяльчэня, фота: Клініка Джэмэлі (AFP or licensors) / Vatican News // Catholicminsk.by
Клініка Джэмэлі (AFP or licensors)

Медыцынскае абследаванне паказвае, што стан здароўя Папы працягвае заставацца складаным. У яго выяўлена двухбаковае запаленне лёгкіх, якое патрабуе дадатковага лячэння.

Паводле апошняй інфармацыі Залы Друку Святога Пасада, агучанай 18 лютага 2025 года ў 19:33, лабараторныя аналізы, рэнтген грудной клеткі і клінічны стан Святога Айца працягваюць дэманстраваць складаную карціну.

Як паведаміла Беларуская рэдакцыя парталу Vatican News, полімікробная інфекцыя, якая развілася на фоне бранхаэктазіі і астматычнага бранхіту, запатрабавала прымянення кортыкастэроіднай і антыбіётыкавай тэрапіі. Гэта робіць працэс лячэння больш складаным.

Кантрольная камп’ютарная тамаграфія грудной клеткі, праведзеная ў другой палове дня па прызначэнні ватыканскай медыцынскай брыгады і ўрачоў паліклінікі “Джэмэлі”, паказала наяўнасць двухбаковага запалення лёгкіх, якое патрабуе дадатковага медыкаментознага лячэння.

Нягледзячы на складаны стан здароўя, Францішак захоўвае бадзёры настрой. Раніцай ён прыняў святую Камунію, а на працягу дня чаргаваў адпачынак з малітвай і чытаннем тэкстаў. Святы Айцец выказвае падзяку за падтрымку, якую адчувае ў гэты момант, і просіць працягваць маліцца за яго.

14 лютага, у пятніцу, Папа Францішак быў шпіталізаваны ў паліклініку імя Аўгусціна Джэмэлі для неабходных дыягнастычных абследаванняў і для працягу ў шпітальных умовах лячэння бранхіту. Клініка “Джэмэлі” традыцыйна з’яўляецца медыцынскай установай, якой давяраюць лячэнне Рымскіх Пантыфікаў.

У сувязі са шпіталізацыяй Папы быў адменены шэраг мерапрыемстваў з яго удзелам, пра які паведамлялася раней. У прыватнасці, не адбылася юбілейная аўдыенцыя, якая была запланавана на 15 лютага, а таксама адменена шырока анансаваная сустрэча Святога Айца з дзеячамі мастацтва, якая планавалася на панядзелак 17 лютага ў італьянскай кінастудыі “Чынэчыта”.

15 лютага Vatican News паведамляла, што у Папы Францішка выяўлена інфекцыя дыхальных шляхоў і лёгкае павышэнне тэмпературы. Распачалося медыкаментознае лячэнне Пантыфіка ў шпіталі. На працягу гэтага і наступнага дня стан Папы заставаўся стабільным.

17 лютага са шпіталя прыйшла хвалюючая навіна аб тым, што стан Папы Францішка пагоршыўся: у Пантыфіка выяўлена “наяўнасць полімікробнай інфекцыі дыхальных шляхоў”. У сувязі з гэтым медыкі ўнеслі змены ў тэрапію Пантыфіка.

Усе праведзеныя да гэтага часу абследаванні “сведчаць пра складаную клінічную карціну, якая патрабуе належнага знаходжання ў шпіталі”. Таму таксама была адменена агульная аўдыенцыя, запланаваная на сённяшнюю сераду, 19 лютага.

Нягледзячы на складаную клінічную карціну, паводле крыніцы Апостальскага Пасаду, Папа застаецца ў добрым настроі і выказвае ўдзячнасць за падтрымку. Ён працягвае атрымліваць шматлікія пажаданні хуткага выздараўлення. Кіраўнікі дзяржаў, касцёльныя і грамадскія дзеячы, а таксама простыя вернікі выказваюць яму сваю блізкасць і клопат. Па словах кіраўніка Залы Друку Матэа Бруні, падтрымка вельмі кранае Францішка.