Skip to main content

У Навагрудку адбыліся рэкалекцыі Альфа-курса для удзельнікаў з Навагрудка і Мінска

22-24 лістапада
  • 28 лістапада, 2024
  • Тэкст: Дамінік Запаснік, фота: Марына Рамук // Catholicminsk.by

З 22 па 24 лістапада пры касцёле святога Арханёла Міхала ў Навагрудку (Гродзенская дыяцэзія) адбыліся рэкалекцыі для ўдзельнікаў Альфа-курса “Выходныя з Духам Святым”, у якіх прынялі ўдзел каля 90 чалавек.

Рэкалекцыі праводзіў ксёндз доктар Юрый Жэгарын, пробашч навагрудскай парафіі святога Арханёла Міхала. Актыўны ўдзел прымаў таксама ксёндз канонік Юрый Санько, пробашч мінскай парафіі Найсвяцейшай Тройцы (Святога Роха) ў Мінску.

У пятніцу, якая была першым днём духоўных практыкаванняў, удзельнікі рэкалекцыяў сустрэліся на вечары знаёмстваў і супольнай усяночнай адарацыі Найсвяцейшага Сакрамэнту.

Другі дзень рэкалекцый, субота, быў вельмі насычаны духоўнымі практыкаваннямі. Удзельнікі праслухалі канферэнцыі, прысвечаныя Боскай Асобе Духа Святога, прынялі ўдзел у Эўхарыстычнай Ахвяры, супольна маліліся на ружанцы і адаравалі Найсвяцейшы Сакрамэнт.

У апошні, нядзельны дзень рэкалекцыі завершылі сведчанні з перажывання духоўных практыкаванняў і супольная святая Імша.

Альфа-курс – гэта серыя катэхез, прысвечаных вывучэнню асноваў хрысціянскай веры – керыгме. На кожнай сустрэчы разглядаюцца розныя пытанні, звязаныя з верай. Курс прызначаецца для таго, каб людзі маглі ажывіць сваю веру.

Альфа-курс з’яўляецца адным з дзейсных метадаў прапаведвання Уваскрослага Хрыста, які пачаў развівацца ў Каталіцкім Касцёле ў нашай краіне і з’яўляецца адказам лакальнага Касцёла на заклік ІІ Ватыканскага Сабора і папы Францішка да актыўнага ўключэння ў працэс Новай Евангелізацыі. На дадзены момант Альфа-курс праводзіцца ў Гродне, Навагрудку, Мінску, Віцебску, Крупках, Глыбокім і Оршы.