У Нарачы вялікапосныя рэкалекцыі правёў біскуп Андрэй Зноска з Пінска
4-5 красавіка
7 красавіка, 2025
Тэкст і фота: Пінская дыяцэзія Рымска-каталіцкага Касцёла ў Рэспубліцы Беларусь / Instagram // Catholicminsk.by
З 4 па 5 красавіка дапаможны біскуп Пінскай дыяцэзіі Андрэй Зноска правёў парафіяльныя рэкалекцыі ў парафіі святога Андрэя, апостала ў Нарачы.
У гэтай старадаўняй парафіі, якой апякуюцца айцы кармеліты босыя, святыня носіць тытул нябеснага заступніка маладога іерарха з Пінска — святога апостала Андрэя.
Падчас духоўных практыкаванняў з вернікамі біскуп Андрэй звярнуў асаблівую ўвагу на выключнае значэнне Божай ласкі для ажыўлення духоўнага жыцця чалавека і на неабходнасць пошукаў гэтай ласкі ў штодзённым жыцці.
Сярод рэкалекцыйных заняткаў знайшлося месца на набажэнствы Крыжовага шляху, сустрэчы з дзецьмі і моладдзю, а таксама на удзяленне сакрамэнту намашчэння хворых старэйшым асобам.
Пастыр з радасцю наведаў даяздовыя капліцы ў Свіранах і Вярэньках, якія знаходзяцца на тэрыторыі Віцебскай вобласці, але традыцыйна належаць да нарачанскай парафіі. Падчас святых Імшаў у гэтых капліцах, дзе збіраюцца пераважна пажылыя людзі, іерарх падкрэсліў:
«На такіх людзях, як вы, поўных павагі і пакоры, стаіць гэты свет, пагружаны ў мітусні, які бяжыць, як вавёрка ў коле. Вашымі малітвамі, ружанцамі ў спрацаваных руках выпрошваецца Божая ласка для нас, маладых і няўмелых у Божым служэнні».
Біскуп Андрэй выказаў шчырую падзяку айцам кармелітам — Паўлу Ляліта, Пятру Фарына і Паўлу Герману — за запрашэнне ў гэтую гістарычную і заслужаную парафію і стварэнне цёплай, братэрскай атмасферы ў нарачанскім кармэлі.