У Мінска-Магілеўскай архідыяцэзіі ў 2025/2026 навучальным годзе пачынаюць дзейнічаць курсы лектарсткай паслугі
- 5 верасня, 2025
- Catholicminsk.by
Новапрызначаны дыяцэзіяльны душпастыр міністрантаў па благаслаўленні Мітрапаліта Мінска-Магілёўскага арцыбіскупа Юзафа Станеўскага запрашае хлопцаў на курсы лектарскай паслугі.
1 жніўня душпастырам міністрантаў Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі быў прызначаны ксёндз Аляксандр Шыманскі, які выконвае функцыю вікарыя парафіі Імя Найсвяцейшай Панны Марыі ў Мінску. Ён замяніў на гэтай пасадзе ксяндза Дзмітрыя Чупрына, пробашча парафіі Маці Божай Ружанцовай у Ракаве.
Новы душпастыр асобаў, якія служаць пры алтары, арганізуе курсы паслугі лектараў у архідыяцэзіі.
Дзякуючы сакрамэнту святога хросту ўсе вернікі ўдзельнічаюць у святарскай, прароцкай і каралеўскай місіі Хрыста, які пастаянна жыве і дзейнічае ў Касцеле моцай Духа Святога. У гэтым сакрамэнце яны атрымліваюць сакрамэнтальны характар або пячатку, «якая асвячае іх для ўдзелу ў хрысціянскім рэлігійным кульце», гэта значыць, «яна дазваляе і абавязвае хрысціян служыць Богу праз жывы ўдзел у святой літургіі Касцёла». Такім чынам, свецкія вернікі таксама могуць выконваць у супольнасці абавязкі і служэнні, прадугледжаныя законам. Сярод іх асаблівае месца займаюць служэнні лектарату. Папа Павел VI рэкамендаваў, каб да гэтых служэнняў былі пакліканы не толькі кандыдаты да сакрамэнту святарства, але таксама мужчыны, якія жывуць у свеце. Кодэкс кананічнага права, у кан. 230 § 1 сцвярджае: «Свецкія вернікі, якія маюць узрост і якасці, устаноўленыя дэкрэтам канферэнцыі біскупаў, могуць быць пастаянна дапушчаны, паводле прадпісанага літургічнага абраду, да служэння лектара».
Таму, згодна з традыцыяй Касцёла, у Мінска-Магілеўскай архідыяцэзіі ў 2025/2026 навучальным годзе пачынаюць дзейнічаць курсы лектарскай паслугі . Да удзелу у курсах запрашаюцца хлопцы, якія скончылі 9 класаў сярэдняй агульнаадукацыйнай школы. Кандыдаты ў лектары павінны прадставіць характарыстыку ад пробашча з інфармацыяй аб маральных якасцях кандыдата (ён павінен быць практыкуючым католікам), узроўні яго адукацыі, працягласці міністранцкай паслугі (мінімум 1 год), прынятых сакрамэнтах у Касцёле.
Заняткі будут праходзіць кожную трэцюю суботу месяца з верасня па май. Навучанне трывае 1 год. Удзел у занятках абавязковы. Для тых, хто пражывае далёка ад Мінска, ёсць магчымасць дыстанцыйнага навучання.
Заняткі распачынаюцца ў суботу 20 верасня па адрасе: г. Мінск вул. Серафімовіча, д. 19 (будынак Хрысціянскага сацыяльнага цэнтра, каля станцыі метро «Пралетарская»).
Пасля заканчэння курсаў адбудзецца выпускны экзамен, уручэнне адпаведнага сертыфіката і урачыстае ўдзяленне біскупам паслугі лектара.
Устанаўліваецца абавязковы літургічны строй для лектараў: альба, цынгулюм і крыж.
Па пытаннях рэгістрацыі ўдзельнікаў курсаў просьба звяртацца да куратара навучання ксяндза Аляксандра Шыманскага па нумары тэлефона +375 (29) 347-17-80.
