У Місіі Добрага Самараніна ва ўрачыстасць Унебаўшэсця Пана адзначылі ўспамін святой заступніцы Уршулі Ледухоўскай
- 30 мая, 2025
- Тэскт: кс. Павел Эйсмант / Фота: з архіва Місіі Добрага Самараніна // Catholicminsk.by

Дзень 29 мая, на які ў гэтым годзе прыпадае ўрачыстасць Унебаўшэсця Пана, быў асаблівым у Місіі Добрага Самараніна, пры якой дзейнічае Хрысціянскі сацыяльны цэнтр у Мінску.
Менавіта 29 мая адзначаецца ўспамін святой Уршулі Ледухоўскай, заснавальніцы Кангрэгацыі Сясцёр Уршулянак Сэрца Езуса Канаючага і адначасова заступніцы Місіі Добрага Самараніна ў Мінску.
З гэтай нагоды ў капліцы Хрысціянскага сацыяльнага цэнтра ў Мінску адбылася ўрачыстая святая Імша, якую ўзначаліў арцыбіскуп эмэрыт Тадэвуш Кандрусевіч. У Імшы прыняў удзел Часовы павераны ў справах Апостальскага Пасаду ў Беларусі мансеньёр Кшыштаф Сэрока, які ў гэты дзень дзякаваў Богу за 15-ю гадавіну з дня святарскага пасвячэння, капелан Місіі ксёндз Аляксандр Шамрыцкі MIC і сакратар арцыбіскупа эмэрыта ксёндз Павел Эйсмант. Таксама прысутнічалі сёстры ўршулянкі Часлава Навіцкая і Марыя Мінютка, сёстры назарэтанкі, супрацоўнікі, а таксама выхаванцы Місіі і іх бацькі.

У гаміліі арцыпастыр падкрэсліў, што сённяшняя ўрачыстасць адлюстроўвае сабой падзею, калі Езус пасля выканання даручанага Яму задання збаўлення чалавецтва вяртаецца ў дом свайго нябеснага Айца. Кожны з нас таксама атрымлівае ад Бога адмысловую місію, якую павінен выканаць падчас зямной пілігрымкі, каб потым перайсці ў дом нябеснага Айца: спачатку з душой, а напрыканцы часоў — з душой і ўваскрослым целам.
Далей іерарх ужыў наступнае параўнанне, каб паказаць падабенства ўрачыстасці Унебаўшэсця Пана і ўспаміну святой Уршулі Ледухоўскай. Езус узнёсся на нябёсы. Святая Уршуля таксама перайшла туды пасля завяршэння свайго зямнога жыцця. Хоць Езус знаходзіцца на нябёсах, тым не менш, Ён застаўся з намі ў Святым Пісанні, сакрамэнтах, дабрачыннай дзейнасці і гэтак далей. Святая Уршуля знаходзіцца на нябёсах, але прабывае з намі ў сваім вучэнні і прыкладзе служэння бліжнім, асабліва дзецям дзеля іх хрысціянскага выхавання.
Арцыпастыр нагадаў словы святога апостала Паўла, які вучыць, што вера паходзіць са слухання (пар. Рым 10, 17). А каб слухаць, неабходна, каб нехта абвяшчаў слова. Абвяшчэнне Евангелля — гэта галоўнае заданне Касцёла. Гэтую Добрую Навіну можна і трэба абвяшчаць не толькі словамі, але і ўчынкамі, чаго прыклад пакінула нам святая Уршуля Ледухоўская, якая прысвяціла сваё жыццё выхаванню дзяцей і моладзі.
«Святы Ян Павел ІІ кажа, што моладзь — гэта будучыня Касцёла і свету. Таму яе неабходна фармаваць згодна з духам Евангелля, распачынаючы ад малых дзяцей»,
— сказаў іерарх.

Таксама арцыпастыр прыпомніў прысутным, што Касцёл сёлета перажывае юбілейны год пад дэвізам «Пілігрымы надзеі». «Мы ўсе пілігрымы, — сцвердзіў ён. — Мы выйшлі з Божай рукі і пілігрымуем да дому нашага нябеснага Айца. Такім пілігрымам была і святая Уршуля Ледухоўская. Ёй, так як калісьці Абрагаму, Бог сказаў: Пакінь зямлю сваіх бацькоў і ідзі туды, куды табе скажу. Бог ёй сказаў ісці і выконваць місію, да якой яе паклікаў, і яна выканала яго загад».
Апісваючы сітуацыю канца ХІХ і пачатку ХХ стагоддзяў, калі жыла святая Уршуля Ледухоўская, арцыбіскуп Кандрусевіч адзначыў, што выклікі часу тады былі вельмі хвалюючымі і нават небяспечнымі. Адбывалася тэхнічная рэвалюцыя, «калі багатыя багацелі, а бедныя бяднелі». Усё больш пачала праяўлялася тэндэнцыя адыходу ад Бога, бо рэлігію пачалі лічыць «опіўмам для народа».
«У такі складаны час Уршуля пад натхненнем Духа Святога накіравалася ў Санкт-Пецярбург, каб у гэтым мегаполісе служыць дзецям і бедным. Пры касцёле святой Кацярыны Александрыйскай яна заснавала прытулак і школу для дзяўчат.
Гэта быў адказ Касцёла і сясцёр уршулянак на выклікі таго часу. Святая Уршуля Ледухоўская добра разумела, што ад фармацыі моладзі будзе залежаць іх лёс, а таксама лёс Касцёла і свету»,
— падкрэсліў іерарх.

Першая сусветная вайна перашкодзіла ў далейшым ажыццяўленні амбіцыйнага праекту у Санкт-Пецярбургу. «Але Уршуля не здавалася, — працягваў арцыпастыр. — Яна скіравала свае крокі ў Скандынавію, каб у халодным клімаце гэтай краіны з яе палярнай ноччу несці патрабуючым цяпло любові і святло Евангелля. З часам святая адправілася на тэрыторыю сучаснай Беларусі, каб сёстры ўршулянкі маглі прадоўжыць сваё служэнне на Палессі. У Рыме яна заснавала генеральны дом Кангрэгацыі Сясцёр Уршулянак Сэрца Езуса Канаючага».
Дастойны іерарх нагадаў прысутным, што сёння сёстры ўршулянкі працуюць у 14 краінах свету, у тым ліку ў Расіі і Беларусі, дзе рэалізуюць сваю харызму выхавання дзяцей у духу хрысціянскіх каштоўнасцей і любові Бога і бліжняга. Выхаванне і адукацыя, паводле яго пераканання, — гэта найлепшая інвестыцыя ў маладога чалавека, якая ў будучыні прынясе свае плёны.

Сваю гамілію арцыбіскуп Тадэвуш Кандрусевіч завяршыў малітоўным заклікам:
«Святая Уршуля Ледухоўская, сёння звяртаемся да цябе. Выпрасі нам ласку рэалізацыі тваіх ідэй на нашай зямлі, каб яны спрыялі выхаванню малодага пакалення згодна з Божай воляй і вялі нас у дом нябеснага Айца, у якім Езус падрыхтаваў нам месца».
Напрыканцы Імшы вернікі павіншавалі мансеньёра Кшыштафа Сэроку з 15-годдзем святарскага пасвячэння і пажадалі яму плённага служэння ў дыпламатыі Ватыкана.

Пасля святой Імшы адбылася культурная праграма, прысвечаная святой Уршулі Ледухоўскай, на якую прыбыў арцыбіскуп Юзаф Станеўскі, Мітрапаліт Мінска-Магілёўскі.

Дзеці разам з дарослымі вырушылі ў незвычайнае падарожжа на ўяўным цягніку, які затрымліваўся на некалькіх станцыях. Падчас прыпынкаў выхаванцы Місіі мелі магчымасць шчырым словам і прыгожымі песнямі падзякаваць сёстрам уршулянкам, іх супрацоўнікам, а таксама сваім бацькам за дар выхавання.


Напрыканцы мерапрыемства сястра Часлава Навіцкая USJK падзякавала прысутным іерархам, святарам, манаскім асобам і вернікам за пажаданні.

Апошнім найбольш хвалюючым момантам сустрэчы сталася ўручэнне памятных дыпломаў сёлетнім выпускнікам Місіі Добрага Самараніна, якое здзейсніў арцыбіскуп Юзаф Станеўскі.
