У Мінску з удзелам прадстаўнікоў Каталіцкага Касцёла адбылася міжканфесійная дыялогавая пляцоўка
- 27 лютага, 2025
- Тэкст: кс. кан. Франц Рудзь, фота: удзельнік мерапрыемства // Catholicminsk.by
25 лютага на пляцоўцы Нацыянальнага мемарыяльнага комплексу «Храм-помнік у гонар Усіх Святых і ў памяць аб ахвярах, якія паслужылі ў выратаванні Айчыны нашай» адбылася міжканфесійная дыялогавая пляцоўка на тэму «Рэлігія і вайна: вера, мужнасць, стойкасць», прысвечаная 80-годдзю Вялікай Перамогі савецкага народа над нямецка-фашысцкімі захопнікамі.
Мерапрыемства было арганізавана гістарычным факультэтам Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта і праводзілася ў рамках праекта «Дыялог культур і рэлігій».
Па благаслаўленні Мiтрапалiта Мінска-Магілёўскага Юзафа Станеўскага ў мерапрыемстве прынялі ўдзел сакратар Канферэнцыі Каталіцкіх Біскупаў у Беларусі ксёндз канонік Юрый Ясевіч і біскупскі вікарый Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі ксёндз канонік Франц Рудзь.

Мэтай дыялогавай пляцоўкі стала асэнсаванне ролі рэлігіі ў гады Вялікай Айчынай вайны, умацаванне міжканфесійнага дыялогу і захаванне духоўнай спадчыны Вялікай Перамогі.

З прывітальным словам выступіў намеснік Упаўнаважанага па справах рэлігій і нацыянальнасцей Рэспублікі Беларусь Сяргей Герасіменя. У ліку асноўных спікераў былі: протаіерэй Фёдар Поўны, ксёндз канонік Юрый Ясевіч, імам Зміцер Радкевіч і рабін Рыгор Абрамовіч.

У ходзе працы дыялогавай пляцоўкі абмяркоўваліся такія пытанні, як роля рэлігіі ва ўмацаванні духу і патрыятызму ў час Вялікай Айчыннай вайны, вера як крыніца мужнасці і стойкасці, а таксама духоўная спадчына Вялікай Перамогі і яе значэнне для сучаснага пакалення.

Асаблівая ўвага была ўдзелена выступленню прадстаўнікоў каталіцкай канфесіі. Ксёндз канонік Юрый Ясевіч прадставіў даклад аб ролі Каталіцкага Касцёла ва ўмацаванні духу вернікаў у гады Вялікай Айчынай вайны.

Прадстаўнікі Касцёла адказалі на наступныя пытанні студэнтаў гістарычнага факультэта: «Як спалучаць патрыятычнае выхаванне з хрысціянскімі каштоўнасцямі?» і «Ці ёсць у вашай практыцы прыклады праграм, сустрэч, гутарак, накіраваных на фармаванне грамадзянскай адказнасці праз веру?»

У адказах было адзначана, што Каталіцкі Касцёл разглядае патрыятызм як натуральную праяву любові да бліжняга і адказнасці перад грамадствам, укаранёнае ў веры. Ксёндз Франц Рудзь падкрэсліў, што Папа Ян Павел II разглядаў патрыятызм як працяг запаведзі аб шанаванні бацькоў, падкрэсліваючы, што любоў да Радзімы пачынаецца з клопату аб выхаванні чалавека.

Праграма мерапрыемства таксама ўключала экскурсію па «Храме-помніку ў гонар Усіх Святых і ў памяць аб ахвярах, выратаванні Айчыны нашай паслужылых» і малітву з ускладаннем кветак у Крыпце ў памяць аб ахвярах Вялікай Айчыннай вайны.

Студэнты гістарычнага факультэта выканалі музычны нумар на песню Уладзіміра Вавілава «Авэ Марыя».
