Skip to main content

У Мінску з удзелам іерархаў падчас трох святых Імшаў маліліся за спачылага Папу Францішка

21 красавіка
  • 22 красавіка, 2025
  • Тэкст: кс. Павел Эйсмант, фота: Максім Ахінько // Catholicminsk.by

21 красавіка, у панядзелак Пасхальнай актавы, свет абляцела сумная вестка — у ранішніх гадзінах адышоў у вечнасць Папа Францішак. Касцёл у Беларусі не застаўся абыякавым да гэтай навіны і адразу ўзнёс свае малітвы аб жыцці вечным для спачылага Пантыфіка.

У большасці парафій у Беларусі і ва ўсім свеце аб’яўлялася навіна аб смерці Папы. Вернікі ахвотна далучаліся да малітвы ўсяго паўсюднага Касцёла.

Так, у архікатэдральным касцёле Імя Найсвяцейшай Панны Марыі ў Мінску адбыліся тры святыя Імшы з удзелам біскупаў, падчас якіх гучала інтэнцыя аб вечнай узнагародзе для намесніка святога Пятра, які закончыў сваё зямное жыццё. Упершыню за 12 гадоў у каноне эўхарыстычнай малітвы не ўспаміналася імя біскупа Рыма.

Апоўдні святую Імшу за Папу ўзначаліў Генеральны вікарый Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі біскуп Юрый Касабуцкі. Разам з ім канцэлебравалі Эўхарыстыю некалькі святароў.

У прамоўленай гаміліі іерарх асаблівым чынам звярнуў увагу на тое, што як навучанне апосталаў пасля Уваскрасення Хрыста было засяроджана на праўдзе аб тым, што Хрыстус сапраўды ўваскрос, і з’яўлялася не чыстай тэорыяй, але сведчаннем жыцця, так і спачылы Папа Францішак на працягу свайго пантыфікату быў для людзей сведкам Уваскрасення. Людзям церпячым Папа даваў надзею на тое, што іх цярпенне калісьці скончыцца. Францішак заклікаў краіны, у якіх вядуцца войны, да міру, узаемаразумення, прабачэння і міласэрнасці. Напрыканцы разважання над Божым словам біскуп Касабуцкі прасіў Уваскрослага Езуса, каб над Папам Францішкам, які цяпер знаходзіцца ў вечнасці, прамовіў словы: «Сёння будзеш са Мной у раі» (Лк 23, 43).

Скрыншот з Youtube-канала архікатэдральнай парафіі ў Мінску

У гадзіну, калі Езус Хрыстус памёр на крыжы, вернікі і святары разам памаліліся Вяночкам да Божай Міласэрнасці за спачылага Папу. Пасля гэтага распачалася святая Імша, якую ўзначаліў арцыбіскуп Юзаф Станеўскі, Мітрапаліт Мінска-Магілёўскі.

У ёй таксама прынялі ўдзел арцыбіскуп эмэрыт Тадэвуш Кандрусевіч, Часовы павераны ў справах Апостальскай нунцыятуры монсеньёр Кшыштаф Сэрока, святары і вернікі, многія з якіх даведаліся пра святую Імшу дзякуючы інфармацыі, змешчынай на парталах Catholic.by і Catholicminsk.by.

На пачатку святой Імшы, прывітаўшы прысутных, арцыбіскуп Станеўскі нагадаў пра благаслаўленне Папы Urbi et OrbiГораду і свету»), якое ён ўдзяліў на плошчы святога Пятра ў Вялікдзень. Пантыфік заклікаў, каб вернікі былі «пасхальнымі людзьмі», напоўненымі верай, надзеяй і любоўю. Пасля гэтага, ужо на наступны дзень, Папа Францішак вярнуўся ў дом Нябеснага Айца. Іерарх заахвоціў прысутных да гарачай малітвы аб жыцці вечным для спачылага Папы.

Гамілію падчас гэтай Імшы прамовіў арцыбіскуп Тадэвуш Кандрусевіч, які неаднаразова сустракаўся з Францішкам. Напачатку арцыпастыр нагадаў, што радасны заклік «Хрыстус уваскрос!» гучыць ва ўсіх хрысціянскіх святынях, таму што ў бягучым годзе Вялікдзень святкуецца ўсімі хрысціянамі ў адзін дзень.

«Няма Езуса каталіцкага, праваслаўнага ці пратэстанцкага. Ёсць адзін Езус — адзіны Збаўца свету учора, сёння і ва ўсе часы (пар. Гбр 13, 8)»,

— сцвердзіў ганаровы іерарх.

Езус Хрыстус, паводле слоў арцыпастыра, сваёй перамогай заснаваў хрысціянства, бо Яго Уваскрасенне — гэта падмурак нашай веры. Гісторыя запісала імёны шматлікіх сведкаў Уваскрасення, якія засведчылі аб гэтай праўдзе не толькі ў хрысціянскіх, але і іншых рэлігійных і нават свецкіх кнігах. І таму мы святкуем гэтае найвялікшае свята цэлых восем дзён — як адзін дзень.

Арцыбіскуп узгадаў таксама, што ў Евангеллі размова ідзе пра жанчын-міраносіц, якія, убачыўшы пустую грабніцу і сустрэўшы самога Езуса ў дарозе, сталі першымі «апосталкамі апосталаў». Бог пасылае іх абвяшчаць радасную навіну іншым. Але Евангелле кажа таксама пра антысведчанне вартаўнікоў, якія, будучы падкупленымі першасвятарамі, распаўсюдзілі фальшывую вестку аб выкраданні цела Езуса. «Сведчанне і антысведчанне ідуць рука ў руцэ. <…> Ідзе барацьба дабра са злом, Божай ласкі з грахом. Д’ябал не супакоіцца, бо такая яго “праца”», — нагадаў іерарх.

«У гэтыя радасныя дні Пасхі сёння раніцай мы пачулі навіну з Ватыкана: памёр Папа Францішак, сведка праўды Евангелля, адраджэння хрысціянства, сведка таго, што Касцёл павінен быць місіянерскім»,

— столькі акрэсленняў асобы спачылага Папы прывёў арцыпастыр.

Іерарх заўважыў, што Папа Францішак, так як і яго папярэднік, святы Ян Павел ІІ, памёр у актаве Вялікадня. Пры гэтым арцыпастыр прывёў успамін, што ў часы яго служэння ў Расіі асабіста сустракаўся з тады яшчэ кардыналам Хорхэ Марыё Бэргольё, арцыбіскупам Буэнас-Айрэса, каб вырашыць юрыдычныя фармальнасці з пераходам аднаго аргенцінскага святара на місіянерскае служэнне ў архідыяцэзіі Маці Божай у Маскве.

Папа, выбраны ў 2013 годзе, паводле слоў арцыбіскупа Кандрусевіча, быў незвычайным чалавекам.

«Першы езуіт у гісторыі Касцёла, які стаў Папам, першы Папа з Новага свету, бо больш за 1200 гадоў не было папы з па-за Еўропы, выбірае сабе імя Францішак, — таго, хто заснаваў францішканскі ордэн»,

— адзначыў іерарх.

Арцыпастыр таксама ўспомніў пра пастырскую рэформу, здзейсненую Папам Францішкам, якая выражалася ў яшчэ большай адкрытасці Касцёла на патрэбы сучаснага чалавека, асабліва бедных людзей, на дыялог з іншымі веравызнаннямі, на абвяшчэнне Евангелля «на перыферыі», гэта значыць, па-за мурамі касцёла ці кляштара. У сваім вучэнні Папа неаднаразова звяртаўся да сацыяльнага вучэння Касцёла, разглядаў праблемы экалогіі, а, прамаўляючы да маладых людзей, не баяўся крытыкаваць іх ляноту і абыякавасць у справе нясення Добрай Навіны іншым. Будучы цяжка хворым, да апошняга імкнуўся сустрэцца з людзьмі, каб паказаць глыбіню іх чалавечай годнасці.

Напрыканцы ганаровы іерарх падкрэсліў два выразы з прамовы Папы з балкона базылікі святога Пятра напярэдадні, якія павінны стаць яго запаветам для вернікаў: «Не шукайце Езуса Хрыста ў магіле» і «Дарагія браты і сёстры, добрага, шчаслівага Вялікадня!»

«Добрага і шчаслівага Вялікадня ў Нябесным Валадарстве табе, Папа Францішак!»

— такім моцным воклічам завяршыў сваю гамілію арцыбіскуп Тадэвуш Кандрусевіч.

Увечары святую Імшу за спачылага Папу Францішка ўзначаліў арцыбіскуп Юзаф Станеўскі. Калісьці, будучы яшчэ святаром, рэктарам Вышэйшай Духоўнай Семінарыі ў Гродне, ён падтрымаў звычай, каб у перыяд Вялікадня даверыць прамаўленне гаміліі дыяканам. Так адбылося і цяпер.

У прамоўленай гаміліі дыякан Аляксандр Шыманскі у інтэрактыўнай манеры растлумачыў слухачам, чым адрозніваецца з гістарычнага пункту гледжання факт ад чутак, праўда ад хлусні. Праўда пасведчана крыніцамі і пра яе ўсе памятаюць, хлусня ж губляецца ў глыбіні стагоддзяў.

Праўда аб Уваскрасенні Хрыста пацверджана шматлікімі крыніцамі, як хрысціянскімі, так і нехрысціянскімі. Хлусня ж вартаўнікоў, якую прынялі іншыя габрэі, хутка знікла. Пра людзей, якія называлі сябе месіямі, збавіцелямі, усе забыліся, Імя ж Езуса жыве і будзе жыць праз стагоддзі. Адсюль дыякан зрабіў выснову, што, калі хрысціянін абярэ Уваскрасенне Хрыста дэвізам свайго жыцця, тады яго жыццё стане яшчэ адной крыніцай і сведчаннем аб Уваскрослым.

Фота: Мікіта Яфрэмаў

Напрыканцы кожнай святой Імшы ў інтэнцыі спачылага Папы Францішка была прамоўлена малітва Regina coeliРадуйся, неба Уладарка»), якая выкарыстоўваецца ў Велікодны перыяд.