У Мінску з удзелам арцыбіскупа Станеўскага адзначылі 20-годдзе існавання парафіі Святога Духа
- 9 снежня, 2024
- Тэкст: Ларыса Жаўлакова, фота: Леанід Мацко // Catholicminsk.by
8 снежня 2024 года сталічнай парафіі Святога Духа споўнілася 20 год. Менавіта ў гэты дзень у 2004 годзе святой памяці кардынал Казімір Свёнтак благаславіў заснаванне парафіі Святога Духа ў сталічным мікрараёне Чыжоўка.
З нагоды святкавання 20-годдзя дзейнасці парафіі, па запрашэнні пробашча ксяндза каноніка доктара Яна Крэміса парафію наведаў Мітрапаліт Мінска-Магілёўскі арцыбіскуп Юзаф Станеўскі.
Урачыстасць распачалася благаслаўленнем фігуры Маці Божай Ружанцовай, усталяванай на прыкасцёльнай плошчы згодна з планам добраўпарадкавання, якая з’яўляецца знакам асаблівай падзякі вернікаў за пабудову сваёй святыні.
Касцёл Святога Духа ў Мінску будаваўся з 19 мая 2012 года па 9 студзеня 2021 года.
Урачыстую святую Імшу ў інтэнцыі ўсіх вернікаў і гасцей парафіі ўзначаліў арцыбіскуп Станеўскі.
На пачатку літургіі пробашч ксёндз Ян прывітаў арцыпастыра і нагадаў пра асноўныя гістарычныя моманты жыцця парафіі і будовы святыні, якая сёння з’яўляецца аазісам малітвы і евангелізацыі ў гэтай частцы сталіцы.
У прамоўленай гаміліі іерарх параўнаў жыццё парафіяльнай супольнасці з жыццём хрысціянскай сям’і, дзе ёсць агульныя радасці і клопаты, узаемадапамога і любоў. Важным элементам для кожнай супольнасці з’яўляецца сведчанне хрысціянскага жыцця. Мы з’яўляемся веруючымі людзьмі не толькі ў сценах святыні, падчас малітвы, але і па-за касцёльнымі мурамі, у нашай штодзённасці.
Арцыбіскуп Станеўскі, разважаючы над нядзельнымі біблійнымі чытаннямі, пажадаў, каб усе вернікі, якія святкуюць 20-ю гадавіну заснавання сваёй парафіі, ніколі не згубілі «водар касцёла», гэта значыць ласку веры, атрыманую ад сваіх бацькоў і продкаў.
Напрыканцы святой Імшы вернікі падзякавалі арцыбіскупу за ўдзел у святкаванні, а таксама павіншавалі яго з 30-годдзем дыяканскага пасвячэння, якое адбылося 8 снежня 1994 года ў Гродзенскай катэдральнай базыліцы Святога Францішка Ксавэрыя, узгадваючы, што гэта было першае гістарычнае пасвячэння дыяканаў у Вышэйшай Духоўнай Семінарыі ў Гродне ад яе заснавання ў 1990 годзе.
У знак удзячнасці вернікі падаравалі Мітрапаліту фотаздымак, выкананы на камені, на якім прадстаўлены першыя дыяканы – студэнты пятага курса семінарыі, а сёння – святары, якія служаць у розных дыяцэзіях нашай Айчыны: арцыбіскуп Юзаф Станеўскі, Мітрапаліт Мінска-Магілёўскі, Старшыня Канферэнцыі Каталіцкіх Біскупаў у Беларусі, ксёндз канонік Антоні Клімантовіч – пробашч парафіі ў Заслаўі, святой памяці ксёндз канонік Юзаф Ганчыц – пробашч і будаўнік касцёла Святой Сям’і ў Лідзе (Гродзенская дыяцэзія), кс. Андрэй Бародзіч – пробашч парафіі у Высокім (Пінская дыяцэзія) і ксёндз канонік доктар Ян Крэміс – пробашч парафіі Святога Духа ў Мінску.
З гадавінай дыяканскага пасвячэння арцыбіскупа Юзафа Станеўскага і ксяндза Яна Крэміса павіншавалі таксама студэнты Мінскага тэалагічнага каледжа імя св. Яна Хрысціцеля. Дырэктарам каталіцкай навучальнай установы з’яўляецца ксёндз доктар Ян Крэміс.
Літургія завершылася ўрачыстым пастырскім благаслаўленнем, пасля чаго ўсе прысутныя атрымалі салодкі пачастунак ад вернікаў парафіі з нагоды парафіяльнага свята.
Наступным знакавым момантам у жыцці парафіі будзе яе сярэбраны юбілей, святкаванне якога плануецца ў 2029 годзе.