Skip to main content

У Мінску ў пачатку Вялікага посту прайшла пастырская сустрэча для святароў

19 лютага
  • 19 лютага, 2026
  • Фота: Ева Шамко // Catholicminsk.by

19 лютага ў мінскім архікатэдральным касцёле Імя Найсвяцейшай Панны Марыі прайшла пастырская сустрэча святароў Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі.

Сустрэча распачалася супольнай малітвай з Літургіі гадзінаў, якую ўзначаліў ксёндз канонік Дзмітрый Пухальскі, пробашч катэдральнага касцёла. Затым ксёндз канонік Аляксандр Барыла, духоўны айцец архідыяцэзіі, прамовіў канферэнцыю.

У сваёй прамове святар нагадаў, што святой памяці Папа Францішак удзяляў шмат увагі фармацыі святароў і біскупаў, часта сустракаўся з імі, перадусім падчас апостальскіх падарожжаў, заахвочваючы да прыгожага перажывання святарства і свайго выбару. Па-за ўвагай Папы не заставаліся таксама праблемы ў святарстве і адыход з яго.

Святарам з Беларусі пашчасціла сустрэцца з Папам у Каўнасе падчас яго апостальскага падарожжа ў краіны Балтыі ў 2018 годзе.

«Папа меў лагоднае слова, але і патрабавальнае. Ён наказваў, каб мы былі заўсёды блізка да людзей, якім служым»,

— прывёў запавет спачылага Патыфіка прамоўца.

Духоўны айцец адзначыў, што сённяшні Папа Леў XIV працягвае клапаціцца пра духавенства.

«Кожнае пакліканне — дар ад Айца, які трэба верна берагчы ў дынаміцы няспыннага навяртання. Паслухмянасць свайму пакліканню будуецца кожны дзень праз слуханне Божага слова, цэлебрацыю сакрамэнтаў, асабліва Эўхарыстычнай Ахвяры, праз евангелізацыю, блізкасць да найменшых, святарскае братэрства — ва ўсім з апорай на малітву як найважнейшае месца сустрэчы з Панам»,

— піша Папа ў нядаўнім апостальскім лісце «Вернасць, якая нараджае будучыню».

Ксёндз Аляксандр падкрэсліў, што гэты ліст можа стаць прыкладам добрай духоўнай літаратуры для святароў на Вялікі пост.

«Няважна, што дзеецца са светам. Калі мы з вамі застанемся вернымі пакліканню, Касцёл будзе існаваць», — падсумаваў духоўны айцец, заахвоціўшы братоў у святарстве не знеахвочвацца цяжкасцямі і няўдачамі ў душпастырскім служэнні.

Пасля духоўнай канферэнцыі пры выстаўленым Найсвяцейшым Сакрамэнце Мітрапаліт Мінска-Магілёўскі арцыбіскуп Юзаф Станеўскі ўзначаліў малітву за Касцёл, Святога Айца, за спачылае духавенства, міністрантаў, святароў і аб новых пакліканнях у архідыяцэзіі.

Пасля Мітрапаліт узначаліў святую Імшу. Канцэлебравалі Эўхарыстыю Генеральны вікарый Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі біскуп Юрый Касабуцкі і святары Мінска-Магілеўскай архідыяцэзіі, прысутныя на пастырскай сустрэчы. З магчымасці ўдзельнічаць у Імшы скарысталіся некаторыя кансэкраваныя асобы і вернікі.

З гаміліяй да прысутных звярнуўся галоўны цэлебрант. Прывітаўшы прысутных, арцыбіскуп Станеўскі адзначыў, што збірацца ў архікатэдры, дзе з галоўнага алтара на святароў па-мацярынску спазірае Найсвяцейшая Панна Марыя, з‘яўляецца асаблівай ласкай.

Іерарх паведаміў таксама, што

21 кастрычніка 2027 года адбудзецца  святкаванне важнай падзеі — 30-годдзя рэкансэкрацыі архікатэдральнага касцёла Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі.

Скіраваўшы думкі прысутных да евангельскага Назарэта, дзе «Слова сталася Целам і пасялілася сярод нас» (Ян 1,14), прамоўца засяродзіў увагу на тым, як важна заставацца добрым святаром, нягледзячы на цяжкасці, і захоўваць тую першасную святасць і трымценне, якія былі на пачатку святарскага служэння.

«Святар — гэта знак мужнасці Бога»,

— працытаваў іерарх словы Папы Бэнэдыкта XVI, заклікаўшы ўсвядоміць, якое высокае служэнне сам Збаўца даверыў слабаму і недасканаламу чалавеку.

Услед за Бэнэдыктам XVI арцыбіскуп падкрэсліў, што святар павінен «быць перадусім спецыялістам па справах Божых, а не па зямных» і ў душпастырскай дзейнасці ва ўсім раіцца з Хрыстом.

Жыццё святара павінна быць наследаваннем жыцця Хрыста, бо кожны святар з’яўляецца alter Christus — «другім Хрыстом». Іерарх адзначыў, што для духоўнага росту святара важная цнота пакоры, бо «пакора робіць чалавека падобным да анёлаў». Таму па прыкладу аднаго са старазапаветных герояў важна прасіць не лёгкага жыцця, а «моцныя плечы, каб гэта ўсё вытрываць».

Сустрэча завяршылася пастырскімі аб’явамі і абмеркаваннем бягучых пытанняў.