У Мінску прайшла Імша падзякі за новапабудаваную святыню
- 9 чэрвеня, 2025
- Catholicminsk.by

8 чэрвеня ў касцёле Божага Цела ў Мінску, дзе душпастырскае служэнне ажыццяўляюць айцы кармэліты, адбылася святая Імша падзякі за будову і здзейсненае напярэдадні асвячэнне новазбудаванай святыні, якую ўзначаліў арцыбіскуп эмэрыт Тадэвуш Кандрусевіч.
На пачатку святой Імшы дастойнага іерарха прывітаў пробашч парафіі айцец Юрый Кулай OCD.
Арцыпастыр павіншаваў усю парафію «З новай святыняй!», радуючыся, што можа ўзначаліць гэтую ўзнёслую эўхарыстычную сустрэчу. Іерарх узгадаў таксама, што знешні фасад касцёла нагадвае яму касцёл святой Тэрэзы ад Езуса ў Вільні, дзе ён распазнаваў і распачынаў сваё святарскае служэнне.

У гаміліі арцыпастыр аднёсся да новазапаветнай Кнігі Дзеяў Апосталаў, якая прадстаўляе падзею Спаслання Духа Святога, якая стала пачаткам Касцёла. Напоўненыя Духам Святым апосталы выйшлі на вуліцы і плошчы Ерузалема, каб абвяшчаць Хрыста ўкрыжаванага і Уваскрослага. Людзі розных моваў і нацыянальнасцяў разумелі іх і шмат з іх прыняло хрост. «У той час, як бабілёнская вежа падзяліла людзей, Дух Святы аб’яднаў іх у адзіны Касцёл», — падкрэсліў арцыбіскуп.

Іерарх адзначыў, што Евангелле распавядае аб тым, што Езус сустрэўся з апосталамі ў Вячэрніку ў дзень свайго Уваскрасення, калі Ён сказаў ім: «Супакой вам. Прыміце Духа Святога». Апосталы баяліся пераследу і таму зачыніліся ў памяшканні. Але Езус прыйшоў да іх, нягледзячы на тое, што дзверы Вячэрніка былі зачыненыя.

«Гэта гісторыя паўтараецца. Езус прыходзіць да нас, але ці мы адкрываем дзверы нашых сэрцаў? — паставіў пытанне прысутным іерарх. — А можа, як у гатэлі: калі мы не хочам, каб хтосьці ўвайшоў у наш пакой, тады на дзвярах вешаем таблічку: “Do not disturb” — “Не турбаваць?” Езус стаіць і стукае ў іх, а мы забарыкадаваліся знутры».
Арцыбіскуп Кандрусевіч заўважыў, што Бог стварыў чалавека з пылу зямлі і ўдыхнуў у яго сваё дыханне жыцця. Таксама і Езус, паводле слоў іерарха, перадаў Духа Святога апосталам праз дыханне сваіх вуснаў.
«Дыханне з’яўляецца прыкметай жыцця. Таму мы павінны дазволіць Езусу ўвайсці ў нашыя сэрцы, каб Ён удыхнуў у іх Духа Святога і аднавіў нашае жыццё і надзею»,
— сцвердзіў арцыпастыр.

«Новае нараджэнне ў Духу Святым адбываецца тады, калі мы падпарадкоўваемся яго загадам і прапановам. Яно дазваляе нам ісці за Ім з моцнай верай», — упэўнены арцыбіскуп.
Паводле арцыпастыра, сімвалічна, што Пяцідзесятніца святкуецца вясной або на пачатку лета, калі прырода адраджаецца пасля зімняга сна.
«Таксама і мы павінны адрадзіцца цяпер і не адкладываць на заўтра, памятаючы, што заўтра распачынаецца сёння. Божы Провід дае нам час адрадзіцца, і гэты час зараз, ён заўсёды цяпер»,
— узнёсла прамовіў дастойны іерарх.

«Дух Святы мае дастакова сродкаў для нашага адраджэння. Ён ніколі не стамляецца і можа пастаянна выпраўляць усё дрэннае ў нашым жыцці, каб абнавіць аблічча зямлі і воблік нашага жыцця. Наша справа – даверыцца яму і выкарыстаць сродкі, якія ён дае. Толькі тады ніхто і нішто не перашкодзіць нашаму аднаўленню і адраджэнню ў Хрысце», — сказаў арцыбіскуп.
Далей прамоўца прывёў наступны прыклад. На аднам з касцёлаў бачны надпіс: «Тут Дух Святы адраджае нанова». У асвечаным касцёле Божага Цела, паводле слоў іерарха, Дух Святы таксама адраджае нас нанова. Таму вельмі важна прымаць удзел у касцёльных набажэнствах, асабліва ў нядзельнай і святочнай Эўхарыстыі.

«У жыцці кожнага чалавека ёсць шмат жыццёвых дарог, — заўважыў арцыбіскуп. — Нам нельга забыцца дарогі, якая вядзе да касцёла. Тут нас чакае Езус у сакрамэнтах, асабліва ў Эўхарыстыі, у Святым Пісанні і іншых касцёльных акцыях, каб моцаю Духа Святога абнавіць і нарадзіць да новага жыцця».
Арцыпастыр дадаў, што Дух Святы дапамагае нам глядзець на нашае жыццё праз прызму пасхальнай таямніцы Хрыста і чыніць кожную жыццёвую падзею месцам, у якім мы можам перамяніцца і распачаць нанова.
Сімвалічна, паводле слоў іерарха, што Езус устанавіў Эўхарыстыю і спаслаў Духа Святога на апосталаў у Вячэрніку.
«Няхай новапабудаваны і асвечаны касцёл Божага Цела будзе сучасным Вячэрнікам, у якім мы будзем карміцца словам Божым і Эўхарыстыяй як хлебам вечнага жыцця, і умацоўвацца дарамі Духа Святога»,
— усклікнуў арцыпастыр.

Гамілію арцыбіскуп Кандрусевіч завяршыў заклікам: «Новыя часы патрабуюць новага, багатага ў хрысціянскія каштоўнасці чалавека. Не забывайцеся дарогі да гэтага касцёла, каб стаць новымі людзьмі і пад натхненнем Духа Святога будаваць цывілізацыю міру, любові і жыцця. Няхай нам на гэтым шляху благаславіць Бог, а Божая Маці кармельская апякуецца на многая і святая лета».



Напрыканцы Эўхарыстыі пробашч парафіі айцец Юрый Кулай OCD і вернікі падзякавалі дастойнаму госцю, што з’яўляецца і надалей хоча быць актыўнай часткай гісторыі парафіі і касцёла Божага Цела ў Мінску. Іерарх заахвоціў прысутных на ўрачыстасці, каб яны былі жывымі камянямі, якія сведчаць сваім жыццём пра Уваскрослага Пана, і пажадаў, каб новапабудаваны Божы дом заўсёды быў напоўнены вернікамі і прыцягваў сэрцы людзей да шчырай малітвы і хрысціянскага жыцця.

