Skip to main content

У Мінску адбылася пастырская сустрэча духавенства Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі

26 лістапада
  • 26 лістапада, 2024
  • Паводле Catholic.by

У аўторак, 26 лістапада, у архікатэдральным касцёле Імя Найсвяцейшай Панны Марыі ў Мінску адбылася пастырская сустрэча святароў, якія нясуць служэнне ў архідыяцэзіі.

Сустрэча была прымеркавана да 30-годдзя з дня надання святым папам Янам Паўлам ІІ тагачаснаму Мітрапаліту Мінска-Магілёўскаму і Апостальскаму адміністратару Пінскай дыяцэзіі арцыбіскупу Казіміру Свёнтэку кардынальскай годнасці. Гэтая падзея адбылася 26 лістапада 1994 года.

У сустрэчы прынялі ўдзел Мітрапаліт Мінска-Магілёўскі арцыбіскуп Юзаф Станеўскі, дапаможныя біскупы і Генеральныя вікарыі архідыяцэзіі біскуп Юрый Касабуцкі і біскуп Аляксандр Яшэўскі SDB, арцыбіскуп эмэрыт Тадэвуш Кандрусевіч, Апостальскі адміністратар для грэка-католікаў у Беларусі архімандрыт Сяргей Гаек, Часовы павераны ў справах Святога Пасаду ў Беларусі ксёндз прэлат Кшыштаф Сэрока, дыяцэзіяльныя і манаскія святары рымска-каталіцкага і грэка-каталіцкага абраду, якія нясуць служэнне на Міншчыне і Магілёўшчыне.

Сустрэча распачалася духоўнай канферэнцыяй, якую прамовіў духоўны айцец архідыяцэзіі ксёндз канонік Дзмітрый Барыла. Святар засяродзіўся на тэме святарскай святасці, да якой у рознай ступені імкнуцца ўсе духоўныя асобы.

Падчас супольна цэлебраванай святой Імшы арцыбіскуп Юзаф Станеўскі нагадаў, што дакладна 30 гадоў таму ў асобе Казіміра Свёнтэка Беларусь атрымала першага ў сваёй сучаснай гісторыі кардынала.

Гамілію прамовіў біскуп Юрый Касабуцкі, які асабліва блізка супрацоўнічаў з кардыналам Свёнтэкам падчас свайго служэння ў тагачаснай Міждыяцэзіяльнай вышэйшай духоўнай семінарыі імя святога Тамаша Аквінскага ў Пінску. Іерарх падзяліўся некаторымі асабістымі ўспамінамі пра Сведку веры кардынала Казіміра Свёнтэка.

Пасля Імшы адбылася арганізацыйная частка сустрэчы, у якой узяў удзел Упаўнаважаны па справах рэлігій і нацыянальнасцяў пры Савеце Міністраў Беларусі Аляксандр Румак. Прадстаўнік дзяржаўнай улады прысвяціў свой выступ тэме перарэгістрацыі парафій у адпаведнасці з новым заканадаўствам аб свабодзе сумлення і рэлігійных арганізацыях. Кожны з прысутных святароў меў магчымасць асабіста задаць пытанне і атрымаць канкрэтны адказ.

Затым адбылося абвяшчэнне новых дзеканаў у шэрагу дэканатаў і ўручэнне ім дэкрэтаў з рук арцыбіскупа Юзафа Станеўскага.

Напрыканцы сустрэчы Генеральны вікарый Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі, адказны за Магілёўскі рэгіён, біскуп Аляксандр Яшэўскі SDB падзякаваў тым са святароў, якія разам са сваімі вернікамі далучыліся да акцыі «Дар сэрца для Касцёла на Магілёўшчыне», а таксама даў падрабязную справаздачу аб суме сабраных ахвяраванняў і пра яе фактычнае прызначэнне.

Наступная сустрэча духоўных асоб архідыяцэзіі пройдзе ў мінскім архікатэдральным касцёле 19 снежня і будзе спалучана з традыцыйным дзяленнем аплаткамі.