Skip to main content

У Мінску адбылася аплаткавая сустрэча катэхетаў Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі

27 снежня
  • 29 снежня, 2025
  • Тэкст: Наталля Вашчанка / Фота: Іван Шчарбакоў // Catholicminsk.by

У перыяд Божага Нараджэння ёсць прыгожы звычай збірацца на аплаткавыя сустрэчы. Калектывы, рухі, супольнасці, арганізацыі збіраюцца разам каб падзяліцца аплаткай, выказваючы адно аднаму пры гэтым святочныя віншаванні. 27 снежня, ва ўспамін святога Яна Евангеліста, у мінскай архікатэдры адбылася сустрэча катэхетаў Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі, а таксама ўдзельнікаў апостальскага руху «Легіён Марыі».

Цэлебрацыю святой Імшы ўзначаліў Генеральный вікарый Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі біскуп Юрый Касабуцкі, які маліўся падчас яе ў інтэнцыі вышэй узгаданных супольнасцяў.

На пачатку Эўхарыстыі іерарх прывітаў і заахвоціў да малітвы прысутных удзельнікаў супольнасцяў, а таксама іх душпастыраў.

У гаміліі біскуп Юрый засяродзіў увагу на таямніцы Божага ўцелаўлення і актуальнасці яе для сённяшняга спаткання. «Святая сям’я адправілася з Назарэту ў Бэтлеем на перапіс насельніцтва згодна з распараджэннем цэзара Аўгуста. Складанасць шляху, які быў пераадолены, і працягласць часу, які быў патрачаны, — былі выкананнем прадказання прарокаў пра нараджэнне Збаўцы. Бо Месіі трэба было нарадзіцца ў горадзе Давіда — Бэтлееме.

Нараджэнне Божага Сына змяшчала ў сабе таямніцу, якая распачалася ў хляве сярод жывёлаў, таямніцу прыніжэння, паўната якога здзейснілася на крыжы. І ўсё гэта дзеля таго, каб Езус нарадзіўся і памёр за кожнага чалавека. Гэта добрая навіна для кожнага»,

— прамовіў іерарх.

Пастыр падкрэсліў вялікую сувязь паміж біблейскім сюжэтам і сённяшнім супольным спатканнем: «Ваша паслуга наўпрост звязана з абвяшчэннем Добрай Навіны аб збаўленні. Катэхеты маюць адказнае заданне згодна з кананічнай місіяй сістэматычна навучаць праўдам веры. Легіянеры Марыі выконваюць заданне абвяшчэння Евангелля, калі з любоўю выконваюць даручаную місію сярод людзей: у сваіх парафіях, у шпіталях, у асяроддзі суседзяў».

На заканчэнне святой Імшы дапаможны біскуп падзякаваў усім за прысутнасць, супольны час і малітву.

Святочныя віншаванні выказаў дыяцэзіяльны мадэратар «Легіёну Марыі» айцец Юрый Находка OCD: «Перыяд Божага Нараджэння, які перажываем, няхай будзе нагодай для радасці, што вялікі Бог заўсёды побач з чалавекам».

Дырэктар катэхетычнага аддзела Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі ксёндз Іосіф Сярпейка спачатку падзякаваў біскупу Юрыю і сабраным святарам за цэлебрацыю свтой Імшы, а таксама арганісту і літургічнай службе алтара за служэнне і супольную малітву. Святар скіраваў таксама слова да катэхетаў: «Ад імя Яго Эксцэленцыі арцыбіскупа Юзафа Станеўскага выказваю вам шчырую ўдзячнасць за вашую паслугу, якую ў вызначаных вам межах вы нясеце ў вашых супольнасцях.

Мінска-Магілеўскі Касцёл цэніць вашыя адукацыю, паслугу і ахвярнасць. Мы цэнім вашыя кампетэнтнасць, прыгатаванасць і адказнасць, з якімі вы ахвотна нясеце сваё служэнне. Мы ўсведамляем, што абвяшчэнне нават праўды аб Божым Нараджэнні для вас асабіста можа быць цярновым вянком самаадрачэння і ахвярнасці.

Жадаем, аднак, каб Дзіцятка Езус сваёй маленькай ручкай, але з глыбіні свайго вялікага Божага сэрца, благаславіў вашую паслугу і вашыя сем’і».

Пасля благаслаўлення на заканчэнне Імшы біскуп Юрый Касабуцкі асабіста сустрэўся с прадстаўнікамі супольнасцяў, з якімі паламаўся аплаткай, выказваючы святочныя зычэнні.