У Мінску адбылася агульная катэхеза для моладзі з удзелам арцыбіскупа Іньяцыё Чэффаліа
- 7 лютага, 2026
- Тэкст: Ірэна Ахрамовіч / Фота: Анастасія Кавалёнак // Catholicminsk.by
5 лютага ў архікатэдральным касцёле Імя Найсвяцейшай Панны Марыі ў Мінску адбылася агульная катэхеза для моладзі, якую правёў Апостальскі нунцый у Беларусі арцыбіскуп Іньяцыё Чэффаліа на тэму: «Не дастасоўвайцеся да ментальнасці гэтага свету…» (пар. Рым 12, 2).
Гэта сустрэча стала заключнай з серыі агульных катэхез для моладзі. Яна распачалася святой Імшой, у якой маглі ўзяць удзел усе ахвотныя. Пасля Эўхарыстыі моладзь сабралася ў дольным касцёле мінскай архікатэдры, дзе каля 80 юнакоў і дзяўчат сустрэліся з прадстаўніком Святога Айца ў нашай краіне.
Ён нагадаў, што жывая вера — гэта не дастасоўванне да шаблонаў, але гатоўнасць слухаць, шукаць сэнс і дазваляць сябе здзіўляць.

Цэнтральнай тэмай разважання стаў заклік святога Паўла не прытрымлівацца мыслення гэтага свету. Нунцый растлумачыў, што гэта заахвочванне не да ўцёкаў ад свету, а да яго пераўтварэння.
«Хрысціянін — гэта не проста “добры грамадзянін” свету… Ён пакліканы быць іншым — не аддзяляцца, а служыць; не асуджаць, але сведчыць», — адзначыў іерарх.
Ён пацвердзіў, што вопыт мучанікаў беларускай зямлі надае гэтаму слова асаблівую вагу. Сведчанне веры тут — гэта жывая гісторыя мужчын і жанчын, якія выбралі Хрыста, змагаючыся любоўю і малітвай.
Працягам думкі арцыпастыра сталі словы Хрыста: «Вы — соль зямлі» і «Вы — святло свету» (пар. Мц 5, 13-14). Ён падкрэсліў, што Хрыстус не кажа «вы павінны быць», але «вы ёсць».
— растлумачыў нунцый.
Ён заклікаў моладзь не замыкацца ў камфорце і не баяцца думаць шырока, марыць пра больш братэрскае грамадства. Гэта, на яго думку, і ёсць спосаб распазнаваць «добрую, прыемную і дасканалую» Божую волю (пар. Рым 12, 2).
Асаблівую ўвагу прадстаўнік Святога Айца надаў тэме супольнасці і сінадальнасці. Ён нагадаў, што абнаўленне розуму, пра якое піша апостал Павел, мае супольны характар. «Гаворка не пра тое, каб змяняцца дзеля моды, але каб дазволіць Духу перамяняць нас, адкрываючыся на слуханне, дыялог, суадказнасць», — сказаў арцыбіскуп Чэффаліа Ён параіў маладым людзям выхоўваць гэты сінадальны стыль у парафіяльным, сямейным і грамадскім жыцці, пераадольваючы страх перад навізной Духа.
У завяршэнне сваёй прамовы Апостальскі нунцый прапанаваў моладзі пачаць з простых і шчырых жэстаў:
- больш уважлівага слухання бліжняга,
- слова падтрымкі,
- вернай асабістай малітвы,
- актыўнага ўдзелу ў жыцці супольнасці.
Ён заклікаў кожнага штодня спытаць сябе, ці кіруецца яго жыццё логікай Евангелля або мысленнем свету. Гэтыя канкрэтныя крокі ёсць шляхам да сінадальнасці, якая нараджаецца з паўсядзённай вернасці ў малым.
Моладзь шчыра падзякавала арцыбіскупу Іньяцыё Чэффаліа за натхняльнае слова, прысутнасць і добры настрой. Таксама словы падзякі прагучалі ў адрас брата Вадзіма Войціка OFMCap за пераклад прамовы і прысутнага мансеньёра Крыштафа Сэрокі, сакратара Апостальскай нунцыятуры ў Мінску. Да сустрэчы далучыўся арцыбіскуп Юзаф Станеўскі.

Духоўнае мерапрыемства завяршылася часам для гарбаты, дзе моладзь магла бліжэй пазнаёміцца і абмеркаваць пачутае.
План мерапрыемстваў душпастырства моладзі ў Мінску на 2025/2026 катэхетычны год ТУТ>>>

















