У Мінскім тэалагічным каледжы адбылася абарона дыпломных прац
- 10 чэрвеня, 2025
- Тэкст: Ганна Краснадземская / Фота: з архіва Мінскага тэалагічнага каледжа // Catholicminsk.by

7 чэрвеня 2025 года у сталічнай духоўнай установе, якая рыхтуе катэхетаў, кантараў, спецыялістаў па рэлігійным турызме і сродках масавай камунікацыі, 18 навучэнцаў трэцяга выпускнога курса абаранілі свае кваліфікацыйныя працы.
Найбольш папулярнымі дысцыплінамі, абранымі для напісання прац, сталі гісторыя Касцёла, фундаментальная тэалогія, тэалогія духоўнасці і катэхетыка. З нагоды 1700-а юбілею была прадстаўлена грунтоўная праца на тэму І Сусветнага сабору.

Аб’ектамі даследавання навучэнцаў былі таксама гісторыі беларускіх парафій (Рубяжэвічы, Івянец), дзейнасць манаскіх супольнасцяў у Беларусі (дамінікане, марыяне, сёстры Адараторкі Крыві Хрыста і інш.) і касцёльнага руху Equipes Notre Dame, а таксама жыццё і дзейнасць знакавых для каталіцкага Касцёла ў Беларусі постацей (благаслаўлёных сясцёр мучаніц з Навагрудка, святога Максімільяна Марыі Кольбэ, ксяндза прэлата Йозаса Булькі і інш.).




Адметнасцю сёлетняй абароны стала цікавая праца па рэлігійным турызме з распрацоўкай экскурсійнага маршруту, а таксама праца з даследаваннем спеву ў дзейнасці Касцёла.

Ацэньвала прадстаўленыя працы экспертная камісія, у складзе якой былі доктар біблійнай тэалогіі Марына Пашук, ксёндз ліцэнзіят Павел Эйсмант і брат ліцэнзіят Андрэй Багдановіч OFMCap.


