У мінскім салезіянскім араторыі прайшлі восеньскія “Вакацыі з Богам”
- 13 лістапада, 2024
- Тэкст і фота: Дар’я Купцова // Sdb.by
З 28 па 31 кастрычніка ў салезіянскім араторыі імя святога Яна Боско ў Мінску, які дзейнічае пры парафіі святога Яна Хрысціцеля, прайшлі канікулы з Богам, натхнёныя творам Антуана дэ Сэнт-Экзюперы “Маленькі прынц”.
Арганізатарамі “Вакацый з Богам” былі аніматары разам з ксяндзом Алегам Каралёвым SDB, ксяндзом Міхалам Радзевічам SDB, сястрой Веранікай Блізнюк FMA і сястрой Ірынай Барцэвіч FMA.
Ужо некалькі гадоў арганізатары практыкуюць падзел удзельнікаў на дзве групы па ўзросце: у першай палове дня прыходзяць дзеці з 2 па 5 клас, якія маюць сваю праграму, а ўвечары – падлеткі з 6 па 11 клас са сваёй праграмай.
На працягу чатырох дзён юныя ўдзельнікі разглядалі глыбокія тэмы сяброўства, мар, каштоўнасцяў і абавязкаў, а падлеткі абмяркоўвалі больш сур’ёзныя пытанні, звязаныя з сэнсам жыцця.
Першы дзень у дзяцей быў прысвечаны марам і мэтам. Дзеці дзяліліся сваімі запаветнымі жаданнямі і імкненнямі, абмяркоўвалі, што перашкаджае іх ажыццяўленню. Падчас прагляду мультфільма ўдзельнікі канікул з Богам прыгадалі, як Маленькі прынц марыў аб зорках і даследаваннях, і задумаліся аб сваіх асабістых мэтах. Увечары падлеткі сабраліся, каб разважаць аб сэнсе жыцця, абапіраючыся на гісторыю Маленькага прынца.
На другі дзень дзеці засяродзіліся на абавязках і адказнасці. Яны абмяркоўвалі, як важна выконваць свае абавязацельствы перад сабой і навакольнымі. Праз інтэрактыўныя гульні і іх абмеркаванне ўдзельнікі назіралі, як іх дзеянні могуць уплываць на жыццё іншых людзей і якім чынам яны могуць стаць “адказнымі за тых, каго прыручылі”. Увечары падлеткі паглыбіліся ў тэму пазнання сябе і сваіх жыццёвых мэт, разглядаючы, як асабістая адказнасць дапамагае ім лепш асэнсаваць свае жаданні і імкненні, каб зразумець сэнс жыцця.
Трэці дзень стаў часам для разважання аб сяброўстве. Дзеці дзяліліся гісторыямі аб сваіх сябрах і ўспаміналі моманты, калі сяброўства дапамагала ім пераадольваць цяжкасці. Падчас гульняў і групавых заданняў удзельнікі абмеркавалі, што значыць сапраўднае сяброўства і як важна клапаціцца пра блізкіх. Падлеткі таксама адкрылі для сябе каштоўнасці, якія фарміруюць бачанне жыцця і дапамагаюць ісці да сваёй галоўнай мэты.
Фінальны, чацвёрты дзень быў прысвечаны даследаванню каштоўнасцяў. Праз абмеркаванне ўдзельнікі высвятлялі, якія каштоўнасці ім блізкія. Размовы аб каштоўнасцях суправаджаліся гульнямі, падчас якіх дзеці вучыліся прымаць рашэнні, грунтуючыся на цвёрдых прынцыпах. Увечары падлеткі падсумавалі ўсе абмеркаваныя тэмы і падрыхтавалі парады сваім аднагодкам, як зрабіць крок да пошуку сэнсу жыцця.
Вакацыі ў салезіянскім араторыі сталі для дзяцей і падлеткаў не толькі часам адпачынку, але таксама глыбокай асабістай трансфармацыі. Удзельнікі выйшлі з араторыя з новымі ведамі, асэнсаваннем сваіх каштоўнасцяў і жаданнем быць “добрымі летуценнікамі”, адказнымі грамадзянамі і прыкладнымі хрысціянамі. Дзякуючы цікавым майстар-класам ад аніматараў дзеці зрабілі шмат новага і цікавага. Такія духоўныя моманты, як св. Імша і малітвы, дапамаглі перажыць час разам з Богам. Арганізатары спадзяюцца, што гэтыя чатыры дні назаўсёды застануцца ў іх сэрцах як час, калі яны навучыліся глядзець на свет вачыма Маленькага прынца, адкрываючы для сябе важныя жыццёвыя ісціны.