У мінскім катэдральным касцёле з удзелам іерарха і капітула памаліліся за Папу Францішка ў дзень яго пахавання
- 28 красавіка, 2025
- Тэкст: Кс. Павел Эйсмант / Фота: Максім Ахінько
- Паводле Catholic.by

26 красавіка ў Ватыкане адбылося пахаванне Папы Францішка. У гэты дзень канонікі катэдральнага капітула святога Арханёла Міхала і Маці Божай Будслаўскай разам са святарамі і вернікамі ўдзельнічалі ў святой Імшы за спачылага Святога Айца, якая адбылася ў катэдральным касцёле Найсвяцейшага Імя Марыі ў Мінску.

Эўхарыстыю ўзначаліў біскуп Юрый Касабуцкі, Генеральны вікарый Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі. На святой Імшы прысутнічаў таксама мансеньёр Кшыштаф Сэрока, Часовы павераны ў справах Апостальскай нунцыятуры ў Беларусі, разам з прадстаўнікамі дыпламатычнага корпусу.

У прамоўленай гаміліі іерарх нагадаў, што для спачылага Папы Францішка асабліва блізкім было жыццё цнотай надзеі на вечнае збаўленне. Гэта была яго форма абвяшчэння Уваскрасення Хрыста. Нездарма ён назваў вернікаў у юбілейным годзе «пілігрымамі надзеі».

Наступным чынам, іерарх пералічыў напрамкі дзейнасці Папы: клопат пра бедных, дзейнасць на карысць экуменізму, міратворчая дзейнасць.
Кажучы пра людзей патрабуючых, іерарх сцвердзіў, што гэтая справа была адным з найважнейшых пунктаў навучання Францішка. У пацвярджэнне гэтаму біскуп прывёў факт, што Святы Айцец забараняў праганяць з плошчы Святога Пятра такіх людзей, а, наадварот, прасіў падзяліцца з імі ежай і пітной вадой.
Сярод найважнейшых падзей у сферы экуменізму біскуп Касабуцкі назваў сустрэчу Папы Францішка і Патрыярха Маскоўскага і ўсяе Русі Кірыла, што здарылася ўпершыню ў гісторыі.
Папа праявіў сябе як міратворац, калі заклікаў лідэраў краін, якія ўдзельнічалі ў ваенных канфліктах, да міру і згоды. У Пасланні Папы Францішка на Вялікдзень былі пералічаны ўсе «гарачыя кропкі» на свеце, за якія маліўся Пантыфік.
Напрыканцы гаміліі іерарх паўтарыў заклік, які прамовіў падчас пахавальнай святой Імшы ў Ватыкане кардынал Джаванні Баціста Рэ:
«Папа Францішак, маліся за нас у доме Нябеснага Айца».

Перад благаслаўленнем біскуп Касабуцкі падзякаваў удзельнікам за прысутнасць. Словы падзякі дыпламатычнаму корпусу прагучалі на англійскай мове. Спеў Regina coeli, ахвяраваны за Папу, завяршыў малітоўную сустрэчу.


