Skip to main content

У мінскім Кармэлі распачаўся юбілейны год, прысвечаны святому Яну ад Крыжа, Доктару Касцёла

15 снежня
  • 20 снежня, 2025
  • Тэкст: а. Юрый Кулай OCD / Фота: удзельнікі ўрачыстасці // Catholicminsk.by

15 снежня ў Ордэне кармэлітаў босых распачаўся юбілейны год з нагоды 300-годдзя кананізацыі і 100-годдзя абвяшчэння святога Яна ад Крыжа Доктарам Паўсюднага Касцёла.

З гэтай нагоды ў мінскім Кармэлі у касцёле Божага Цела напярэдадні вечарам адбыліся ўрачыстыя Нешпары ў гонар святога Яна ад Крыжа з удзелам вернікаў. Мясцовая супольнасць кармэлітаў босых узначаліла Літургію Гадзінаў, а на заканчэнне праспявала ўрачысты спеў Salve Regina («Вітай, Уладарка).

На наступны дзень ва ўрачыстасць Рэфарматара і духоўнага Айца Ордэна святога Яна ад Крыжа вячэрнюю Эўхарыстыю ўзначаліў і прамовіў гамілію Рэгіянальны настаяцель кармэлітаў босых у Беларусі айцец Пётр Фроштэга OCD.

Галоўны цэлебрант у гаміліі засяродзіў увагу на гісторыі жыцця святога айца Яна, а таксама на яго духоўнай спадчыне, якую пакінуў Ордэну і Касцёлу.

Святар таксама абвясціў пра магчымасць атрымання адпустаў за ўдзел ва ўрачыстасцях юбілейнага года. Расклад урачыстасцяў будзе пададзены пазней.

На заканчэнне літургіі айцец Пётр павіншаваў усіх прысутных вернікаў і членаў Свецкага Ордэна кармэлітаў босых са святам і пажадаў усім плённа чэрпаць духоўныя даброты са скарбніцы духоўнасці святога Яна ад Крыжа.