У мінскай катэдры адбылося свята для бацькоў
- 21 кастрычніка, 2025
- Тэкст: Caritas парафіі Імя НПМ у Мінску / Фота: з архіву парафіі // Catholicminsk.by
19 кастрычніка ў межах Тыдня бацькоўскай любові ў архікатэдральнай парафіі Імя Найсвяцейшай Панны Марыі прайшло «Свята мам і тат».
Распачалося святкаванне святой Імшой а 13 гадзіне, якую целебраваў Генеральны вікарый Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі біскуп Юрый Касабуцкі. У сваім прывітальным слове ён звярнуўся з віншаваннем да бацькоў і запрасіў прысутных далучыцца да супольнай малітвы за сваіх галоўных людзей у жыцці: мамаў і татаў.
На святой Імшы маліліся таксама за прысутных удзельніц Шанштацкага руху, якіх можна было пазнаць па адметных белых хустачках на плячах.
Напрыканцы агульнай малітвы словы падзякі і віншаванняў выказалі самыя малодшыя парафіяне катэдры, якія падрыхтавалі невялічкае выступленне пад кіраўніцтвам сваёй катэхеткі Крысціны Ефімовіч.

Перад агульным благаслаўленнем ксёндз пробашч Дзмітрый Пухальскі таксама звярнуўся з цёплымі словамі да прысутных і запрасіў застацца на канцэрт арганнай музыкі «З любоўю да бацькоў», які распачаўся адразу пасля святой Імшы для ўсіх жадаючых.

Узмацніўшыся духоўна і атрымаўшы асалоду ад праслухоўвання святочнага канцэрта, жадаючыя змаглі прыняць удзел у інтэрактыўна-забаўляльнай частцы праграмы. Падрыхтавалі яе валанцёры парафіяльнай супольнасці Сaritas. Тут удзельнікаў чакалі актыўныя і інтэлектуальныя конкурсы, новыя знаёмствы і цікавы досвед. Завяршылася мерапрыемства за сумесным салодкім сталом, дзе кожны мог падзяліцца ўражаннямі, пагутарыць і па-сяброўску правесці час.

Катэдральная парафія дзякуе ўсім, хто прыняў удзел у агульным святкаванні, а таксама тым, хто прычыніўся да правядзення і арганізацыі праграмы.














