У Хрысціянскім сацыяльным цэнтры з нагоды ўрачыстасці святога Юзафа зладзілі Дзень татаў
- 21 сакавіка, 2025
- Паводле Samaranin.by

19 сакавіка, ва ўрачыстасць святога Юзафа, Абранніка Найсвяцейшай Панны Марыі, у Хрысціянскім сацыяльным цэнтры, які дзейнічае пры Місіі Добрага Самараніна, ушанавалі татаў, заступнікам якіх з’яўляецца святы.
Для кожнага дзіцяці самым лоўкім, дужым і спартовым чалавекам ёсць тата. Сёлета бацькі наведвальнікаў Місіі прадэманстравалі свае здольнасці ў спаборніцтвах на пляцоўцы Цэнтра.

Пасля першай часткі мерапрыемства задаволеныя таты перайшлі ад мацавання фізічнага да духоўнага. Другая частка святкавання была звязаная з малітвай ў капліцы, падчас якой маленькія вернікі знаёмілі прысутных са сваімі татамі, гучна называючы іх імёны. Прысутныя супольна памаліліся Літаніяй да святога Юзафа. Душпастыр Місіі, ксёндз Аляксандр Шамрыцкі MIC, прамовіў для татаў адмысловую канферэнцыю, якая наблізіла постаць святога заступніка дня.

Фінальная частка святкавання традыцыйна праходзіла ў канцэртнай зале Хрысціянскага сацыяльнага Цэнтра. Выхаванцы Місіі падрыхтавалі адмысловы канцэрт, у якім спевы, вершы і цёплыя словы прагучалі ў адрас самых цудоўных, дужых і клапатлівых татаў.

