У Бялынічах на Магілёўшчыне прайшлі рэкалекцыі для выпускнікоў Мінскага тэалагічнага каледжа
- 12 жніўня, 2025
- Тэкст: Ганна Краснадэмская, фота: Кацярына Іванова і інш. // Catholicminsk.by
З 8 па 10 жніўня ў парафіі Маці Божай Бялыніцкай у Бялынічах (Магілёўскі дэканат) прайшлі чарговыя, ужо трэція па ліку, рэкалекцыі для выпускнікоў і навучэнцаў сталічнай каталіцкай духоўнай установы, што рыхтуе катэхетаў, кантараў, куратараў пілігрымак, супрацоўнікаў СМК і сурдаперакладчыкаў.
Сёлетнія выпускнікі каледжа ўпершыню паўдзельнічалі ў адмысловых духоўных практыкаваннях у 2023 годзе, калі яшчэ былі першакурснікамі, па запрашэнні мясцовага пробашча ксяндза Юзафа Сярпейкі. Тыя рэкалекцыі, глыбіня канферэнцый, прамоўленых ксяндзом Юзафам, і цудоўная атмасфера падчас сплаву на байдарках зрабілі на ўдзельнікаў вялікае ўражанне, таму пасля сканчэння другога курса яны зноў прыехалі ў Бялынічы па духоўную ўспамогу. І вось, паспяхова скончыўшы трохгадовы курс навучання ў чэрвені 2025 года, ужо ў статусе выпускнікоў прыбылі да Маці Божай Бялыніцкай, каб падзякаваць за атрыманыя ў каледжы веды і ласкі, а таксама за тых людзей, якіх сустрэлі на шляху сваёй духоўнай фармацыі, і папрасіць святла Духа Святога, каб распазнаць, якога служэння Касцёлу чакае ад іх Бог.
Прыбыўшы з Мінска ў Бялынічы ў пятніцу ўвечары пасля працоўнага дня, пілігрымы найперш ушанавалі Маці Божую ў Бялыніцкім абразе. Пасля ксёндз Юзаф расказаў пра ордэн кармэлітаў, які некалі нёс служэнне ў Бялынічах, і цікавыя звесткі з жыцця парафіі, якія яму ўдалося адшукаць у кракаўскім архіве.

Раніцу суботы 9 жніўня ўдзельнікі рэкалекцый распачалі з ушанавання Найсвяцейшага Сакрамэнту гадзіннай адарацыяй у цішыні.
Пасля ксёндз рэкалекцыяніст прамовіў канферэнцыю на тэму веры, якая ўзрастае праз любоў да бліжняга і прабачэнне. Зыходным пунктам да разважання святара стаў урывак з суботняга Евангелля паводле Мацвея (Мц 17, 14-20), дзе вучні Езуса па прычыне малой веры не змаглі аздаравіць эпілептыка. Рэкалекцыяніст прывёў таксама прыклад святой Тэрэзы Бэнэдыкты ад Крыжа (Эдыты Штайн), якая шукала Бога ў праўдзе, а знайшла ў любові ў жыцці з сёстрамі.
Фрагмент суботняга Евангелля сканчваўся словамі: «Сапраўды кажу вам: калі ў вас будзе вера з гарчычнае зерне і вы скажаце гэтай гары: перасунься адсюль сюды, — яна перасунецца. І для вас не будзе нічога немагчымага» (Мц 17, 20).
― падкрэсліў ксёндз Юзаф, каментуючы біблійны ўрывак.

У другой палове дня пілігрымы накіраваліся ў Магілёў, каб пазнаёміцца з духоўнай спадчынай горада: наведалі старыя польскія могілкі, дзе пахавана шмат прадстаўнікоў вядомых каталіцкіх родаў, што мелі ўладанні на Магілёўшчыне, пасля завіталі ў катэдральную парафію Унебаўзяцця Найсвяцейшай Панны Марыі, якая з’яўляецца адной з юбілейных святыняў. Затым працягнулі знаёмства з горадам, прайшоўшыся па гістарычным цэнтры. У якасці эксурсавода выступіў ксёндз Юзаф, які ўразіў усіх цікавым аповедам і грунтоўнымі ведамі пра існую і страчаную каталіцкую архітэктурную спадчыну горада. Завяршылася вандроўка па Магілёве наведваннем мясцовай парафіі святога Антонія, дзе пілігрымаў гасцінна прынялі айцы кларэтыны Ежы Вежхоўскі і Віталь Чабатар, якія распавялі пра заснавальніка іх ордэна святога Антонія Кларэта, пра гісторыю парафіі і незвычайны абраз святога Антонія Падуанскага ў галоўным алтары касцёла, а таксама азнаёмілі з ходам будаўнічых работ.
На зваротным шляху ў Бялынічы пілігрымы завіталі ў мястэчка Свяцілавічы, дзе захаваўся будынак пабудаванага для бялыніцкіх вернікаў яшчэ ў часы Расійскай імперыі (пачатак ХХ стагоддзя) касцёла святога Людовіка (замест адабранага кармэліцкага касцёла ў Бялынічах).

Вечар суботы завяршыўся святой Імшой з трансляцыяй на «Радыё Марыя» і Ружанцам з удзелам мясцовых парафіянаў.
У нядзелю 10 жніўня вернікі Бялыніцкай парафіі і ўдзельнікі рэкалекцый разам праслаўлялі Бога падчас святой Імшы, перад пачаткам якой супольна ўшанавалі Найсвяцейшую Панну Марыю ў яе цудадзейным абразе, супольна адспяваўшы Гадзінкі аб Беззаганным Зачацці. Падчас Святой Імшы некалькі асобаў, у тым ліку ўдзельнікі духоўных практыкаванняў, уступілі ў кармэліцкае шкаплернае брацтва, прыняўшы з рук мясцовага пробашча шкаплер Багародзіцы ― знак яе духоўнай апекі і асаблівых абяцанняў.
У нядзельнай рэкалекцыйнай навуцы святар працягнуў тэму прабачэння як сур’ёзнага духоўнага выпрабавання.
― адзначыў рэкалекцыяніст.
Напрыканцы Імшы святар паведаміў прысутным добрую навіну, што ў хуткім часе будзе не толькі праводзіць рэкалекцыі для навучэнцаў Мінскага тэалагічнага каледжа, але і стане выкладчыкам гэтай навучальнай установы, а таксама запрасіў парафіянаў паступаць у яе і паглыбляць свае рэлігійныя веды.
Пасля нядзельнай святой Імшы ўдзельнікі рэкалекцый здзейснілі ўжо традыцыйны сплаў па рацэ Друць, над якой калісьці ўзвышаліся кармэліцкі касцёл і кляштар, гэтым разам прайшоўшы амаль дваццацікіламетровы шлях ад вёскі Вугольшчына да вёскі Гарадзішча.

Выпускнікі Мінскага тэалагічнага каледжа выказваюць шчырую падзяку пробашчу парафіі Маці Божай Бялыніцкай у Бялынічах ксяндзу Юзафу Сярпейку за вялікае сэрца і за ўсе праведзеныя для іх рэкалекцыі цягам трох год навучання, а таксама мясцовым парафіянам за сапраўдную хрысціянскую гасціннасць і добразычлівасць.


















