У будынку Хрысціянскага сацыяльнага цэнтра з удзелам іерарха прайшла аплаткавая сустрэча хору «Голас душы»
- 19 снежня, 2025
- Тэкст і фота: Марыя Новікава // Catholicminsk.by
«Голас анельскі пастухам сказаў…» — словы гэтай калядкі, напэўна, вядомыя з дзяцінства кожнаму католіку. 17 снежня яна прагучала ў будынку Хрысціянскага сацыяльнага цэнтра, дзе адбылася перадкалядная аплаткавая сустрэча. У ёй прынялі ўдзел супрацоўнікі Місіі Добрага Самараніна, а таксама літургічны хор парафіі Святога Сымона і Святой Алены «Голас душы».
Прысутных благаславіў і сардэчна прывітаў арцыбіскуп эмэрыт Тадэвуш Кандрусевіч.
Сярод гасцей, запрошаных на сустрэчу, прысутнічалі таксама кампазітаркі Аліна Безэнсон і Ганна Казлова, чыю музыку хор выконвае падчас канцэртаў.
Пасля невялікага канцэрта сёстры уршулянкі, якія прымалі гасцей у Цэнтры, запрасілі іх у залу, каб падзяліцца аплаткамі і пажадаць адно аднаму Божага благаслаўлення на святы Божага Нараджэння і шчаслівага Новага года ў промнях Божага святла.
Аплатка — гэта знак блізкасці і адзінства, шчыры позірк на чалавека з добразычлівасцю і усмешкой.


