У Баранавічах прайшлі рэкалекцыі для легіянераў Марыі з усёй Беларусі
- 29 жніўня, 2025
- Тэкст і фота: Ганна Бычынская // Catholicminsk.by
З 22 па 24 жніўня ўдзельнікі руху «Легіён Марыі» мелі магчымасць паўдзельнічаць у духоўных практыкаваннях, якія праводзіў айцец кармэліт Аркадзь Куляха ў сценах Катэхетычнага каледжы імя Зыгмунда Лазінскага ў Баранавічах (Пінская дыяцэзія).
130 легіянераў, якія прысвяцілі сваё жыццё служэнню Панне Марыі, прыехалі з розных куткоў Беларусі і на працягу трох дзён удзельнічалі ў святых Імшах, канферэнцыях айца Аркадзя, спявалі Гадзінкі аб Беззаганным Зачацці Найсвяцейшай Панны Марыі, праводзілі час за абмеркаваннем пачутай інфармацыі, дзяліліся сваімі ўражаннямі і сведчаннямі.
― акрэсліў мэту спаткання айцец Аркадзь Куляха OCD.

Божая прысутнасць у жыцці хрысціяніна, легіянера найперш праяўляецца праз сувязь з Паннай Марыяй, праз даручэнне Ёй сэрцаў, усяго, што хвалюе вернікаў, што ім баліць, на што яны спадзяюцца, праз іх давер Ёй і іх ўдзячнасць: «Велічае душа мая Пана… Гімн “Магніфікат” ― гэта форма, якая адкрывае нам прыгажосць Бога Айца. Гэты гімн ― вобраз вялікай удзячнасці Богу. Бог дзейнічае паводле сваёй міласэрнасці. Марыя не пытаецца, чаму Яна, але з пакорай прымае сваю місію. Яна не хваліць сябе за адвагу, за рашэнне, якое прыняла, даверыўшыся Пану Богу, але ўшаноўвае Таго, Хто дзейнічае ў ёй. Любіць Пана Бога, паставіць Бога на першым месцы, а тады любіць бліжняга, як самога сябе, ― галоўнае прызначэнне хрысціяніна».
Гэта ісціна вядомая кожнаму верніку, тым больш легіянеру. Але трэба пачуць, як пераканаўча гэтыя словы гучаць з вуснаў айца Аркадзя. У сучасным свеце прыніжаецца пакора, а ў гімне гучыць зусім іншае. У ім пакора наадварот усхваляецца, бо жанчына праз пакору адкрывае сваю веліч у хрысціянстве.
«Бог чакае, каб мы ўвялі яго ва ўсе нашыя справы, Ён хоча быць там, дзе мы. Ён чакае, каб мы былі ў гэтым свеце. Ён хоча, каб людзі на працягу свайго жыцця з Ім размаўлялі, каб слухалі Божы голас.
― сцведзіў айцец Аркадзь. ― Важна быць шчырым, справядлівым перад Богам. Няма іншай дарогі, як дарога яднання з Панам Богам. Важна, каб легіянеры ў сваім апостальскім імкненні былі перш за ўсё чыстымі перад Богам. І не забываліся дзякаваць Богу за справы, якія Бог праз іх робіць».
«Дзякуй усім святарам, якія дапамагалі нам ачысціць сумленне, якія неслі нам Божае слова і напаўнялі нас Божымі дарамі падчас святых Імшаў», ― сказала падчас размовы адна з легіянерак Марыі.

«Дзякуй вялікі за арганізацыю такіх цудоўных рэкалекцый. З канферэнцый айца Аркадзя кожны легіянер даведаўся штосьці новае для сябе, патрэбнае для свайго хрысціянскага жыцця, мне так здаецца. А святая Імша ў нядзелю з біскупам Антоніем Дзям’янкам усіх нас прыемна ўразіла. Благаслаўленне біскупа для нас, легіянераў, вельмі важнае ― гэта нам дапаможа ў працы на карысць каталіцкай веры. Дзякуй вялікі», ― напісала ў легіянерскі чат Марыя Масевіч з Прэзідыума Успамогі Верных парафіі святога Міхала Арханёла ў горадзе Смаргоні.
Для мяне было важным, здавалася б, простае адкрыццё: маліцца за нашых ворагаў (ці людзей, якія нам моцна непрыемныя), каб яны не страцілі вечнасць. Менавіта ў гэтай інтэнцыі», ― дзеліцца сваімі думкамі па заканчэнні рэкалекцый Таццяна Грыцкевіч, сакратар Каміцыума.
Напэўна, усе легіянеры пагодзяцца са словамі падзякі Веры Каскевіч з Прэзідыума Маці Божай Балеснай з касцёла Узвышэння Святога Крыжа (Кальварыі) ў Мінску: «Шаноўныя брат Валерый і сёстры Ірына і Таццяна! Дзякуй вялікі за цудоўна арганізаваныя рэкалекцыі і за магчымасць бліжэй пазнаёміцца з сёстрамі і братамі з усёй Беларусі. Час праляцеў на адным дыханні. Адчуванне было нібыта ў раі. Дзякуй вялікі за сведчанні. Трэба дзяліцца кожнаму, хто мае чым падзяліцца, бо вельмі натхняе і падтрымлівае. Было б добра на Terra Mariae пачуць гэтыя і падобныя сведчанні, а таксама вершы, якія праслаўляюць Пана Бога, напісаныя нашай сястрой з Ліды. Хай Пан Бог аддзячыць кожнаму, хто спрычыніўся, каб час рэкалекцый прайшоў такім цудоўным, плённым чынам. Дзякуй вялікі асабіста айцу Аркадзю Куляху».

Падчас рэкалекцый адбыўся сход Каміцыума, на якім, як заўсёды, быў разам з афіцэрамі прэзідыумаў айцец Юрый Находка OCD. Не пакінулі нікога раўнадушнымі і сведчанні, якімі дзяліліся легіянеры. На шматлікія пытанні ўдзельнікі рэкалекцый атрымалі адказы і тлумачэнні, слухаючы канферэнцыі з прыкладамі з жыцця і служэння айца Аркадзя.
«Усё ў жыцці чалавека ― дар Божай ласкі. Толькі прыналежнасць да Легіёна Марыі не з’яўляецца сродкам трапіць на неба.
― гэтыя словы айца Аркадзя сталі для легіянераў Марыі натхняльным падсумаваннем духоўных практыкаванняў.





















