У апошні дзень парафіяльных місій у Заслаўі арцыбіскуп Кандрусевіч узначаліў Імшу і асвяціў вітраж, крыж і школьныя прылады
- 8 верасня, 2025
- Фота: з архіва парафіі Нараджэння Найсвяцейшай Панны Марыі ў Заслаўі // Catholicminsk.by
У нядзелю 7 верасня, напярэдадні парафіяльнай урачыстасці Нараджэння Найсвяцейшай Панны Марыі, у Заслаўе завітаў арцыбіскуп эмэрыт Тадэвуш Кандрусевіч, які ўзначаліў святую Імшу апоўдні.
З 31 жніўня па 7 верасня тут адбываліся парафіяльныя місіі. Яны складаліся з розных тэматычных набажэстваў для жанчын, мужчын, моладзі, дзяцей і ўсіх вернікаў. Урачыстая Імша з удзелам дастойнага іерарха стала завяршэннем парафіяльных місій.
Напачатку арцыпастыр падзякаваў пробашчу парафіі ксяндзу каноніку Антонію Клімантовічу за арганізацыю місій. Ён адзначыў, што праведзеныя ў Заслаўі місіі павінны натхніць іншыя парафіі правесці гэтую пастырскую акцыю, якая мае на мэце духоўнае адраджэнне вернікаў.

Першае чытанне з кнігі Мудрасці, заўважыў іерарх, заклікае ўдзельнікаў літургіі прасіць Духа Святога аб моцы, каб яны маглі выконваць Божую волю як Яго сапраўдныя вучні. Рэспансарыйны Псальм настаўляе іх весці святое жыццё. Другое чытанне з Паслання апостала Паўла да Філімона кажа, што вучань Хрыста павінен сумленна выконваць свае абавязкі ў адносінах да грамадства і іншых людзей. У Евангеллі Езус нагадвае пра адрачэнне ад зямных дабротаў і часовых скарбаў сэрца, каб быць сапраўдным Яго вучнем.
У гэтым месцы гаміліі арцыпастыр задаў слухачам пытанне: «Як пагадзіць паміж сабой два супярэчныя на першы погляд сцверджанні Езуса — “любіць адзін аднага так, як Ён палюбіў нас”, і “ненавідзець сям’ю і блізкіх”? Ці Езус не перабольшвае? Ці трэба ўзненавідзець бацькоў, сям’ю, братоў і сясцёр і нават саміх сябе, каб ісці за Ім?»

«Тлумачачы Евангелле не літаральна, а ў святле Духа Святога, мы зможам зразумець, што Хрыстус не перабольшвае, але хоча падкрэсліць неад’емнасць адданасці Яму, якой Ён чакае ад кожнага са сваіх паслядоўцаў», — адказаў на пастаўленае пытанне іерарх. Таму гэты заклік Езуса, паводле яго, не мае негатыўнага значэння, але, наадварот, носіць у сабе пазітыўны элемент. Каб яго лепей зразумець, арцыбіскуп Кандрусевіч запрапанаваў наступны прыклад: «У краме мы купляем касцюм. Нам прапануюць некалькі варыянтаў, але з іх мы выбіраем толькі адзін. Гэта зусім не азначае, што мы адчуваем агіду, можна сказаць, ненавідзім іншыя. Проста той, які мы выбіраем, нам падаецца лепшым».
Для большай нагляднасці арцыпастыр прывёў яшчэ адзін прыклад. Адна з рэкламаў лекаў на англійскай мове гучыць так: «Good medicine is not good where better is expected» — «Добры лек ужо не з’яўляецца такім, калі мы спадзяемся лепшага».
— папярэдзіў іерарх.
Арцыбіскуп запэўніў, што «Бог не супернічае з намі ў любові да бліжніх», аднак «Ён павінен быць на першым месцы ў нашым жыцці, і ніхто і нішто не можа Яго замяніць». «Любоў да бліжняга з’яўляецца сапраўдным выпрабаваннем нашай любові да Бога — гэтакай лакмусавай паперкай», — дадаў ён.

Прамоўца падкрэсліў, што сённяшнія вучні Хрыста жывуць у часы дэвальвацыі Божай ласкі і веры, калі Бог для чалавека не з’яўляецца прыярытэтам: «Сучасныя хрысціяне нярэдка характарызуюцца так званай “культурнай святасцю“. Гэта азначае, што яны прыстасоўваюцца да характару і мадэлі паводзін іншых людзей і пануючай у свеце секулярнай культуры».
— сказаў арцыпастыр.
Напрыкацы гаміліі арцыбіскуп Тадэвуш Кандрусевіч нагадаў прысутным, што ў наступны дзень заслаўская парафія будзе адзначаць сваё галоўнае свята — адпустовую ўрачыстасць Нараджэння Найсвяцейшай Панны Марыі, якая з’яўляецца прыкладам адданасці і паслухмянасці Божай волі. Іерарх пажадаў вернікам натхняцца прыкладам Марыі, «каб на першым месцы ставіць Бога, у якім наша надзея і збаўленне, і любоў да якога з’яўляецца мерай любові да бліжняга».

У апошняй частцы святой Імшы парафіяне падзякавалі арцыпастыру за прысутнасць, запэўніваючы ў малітве і запрашаючы яшчэ некалі наведацьіх парафію. Ён з радасцю згадзіўся, заўважыўшы, што абавязкова завітае ў Заслаўе яшчэ раз, «калі на гэта будзе Божая воля».
З віншавальным словам да арцыбіскупа Кандрусевіча, пробашча і вернікаў звярнулася старшыня Заслаўскага гарадскога выканаўчага камітэта Святлана Пятроўна Карташова. Яна адзначыла, што ў час, калі горад рыхтуецца да абласнога фестывалю-ярмаркі «Дажынкі-2025», асабліва яскрава бачна супраца рыма-каталіцкай парафіі ў Заслаўі з мясцовымі ўладамі ў справе добраўпарадкавання і ўпрыгожвання касцёла і тэрыторыі вакол яго. Прадстаўніца ўлады пажадала парафіі і яе пробашчу новых духоўных дасягненняў і дабрабыту.

Пасля ўсіх прамоў арцыбіскуп Тадэвуш Кандрусевіч здзейсніў асвячэнне новага вітража над галоўным алтаром з выявай Духа Святога, які зрабіў майстар Павел Кандрусевіч.
Затым іерарх благаславіў сабраных дзяцей школьнага ўзросту на новы 2025/2026 навучальны год і асвяціў іх падручнікі і школьныя прылады. Ён заўважыў, што без высілкаў саміх школьнікаў благаслаўленне і асвячэнне не прынясе чаканага плёну. Арцыпастыр пажадаў юным вернікам настойлівасці і поспехаў у вучобе.
Апошнім момантам літургічнай цэлебрацыі стала асвячэнне новага місійнага крыжа, які традыцыйна ўсталёўваецца каля ўваходу ў касцёл. Арцыбіскуп, напачатку прачытаўшы верш-малітву да Мукі Пана, пасля прамоўленых слоў адмысловай малітвы акрапіў крыж асвечанай вадой, а затым удзяліў прысутным пастырскае благаслаўленне.















