Skip to main content

“Тлусты чацвер” з удзелам арцыбіскупа Кандрусевіча адзначылі ў Заслаўі

27 лютага
  • 27 лютага, 2025
  • Catholicminsk.by

27 лютага парафія Нараджэння Найсвяцейшай Панны Марыі ў Заслаўі, імкнучыся захаваць традыцыі мінулых пакаленняў, святкавала тзв. “Тлусты чацвер”.

Святую Імшу ў касцёле ў гэты дзень узначаліў арцыбіскуп эмерыт Тадэвуш Кандрусевіч. Разам з ім канцэлебравалі пробашч парафіі ксёндз канонік Антоній Клімантовіч і асабісты сакратар іерарха ксёндз Павел Эйсмант.

У гаміліі арцыпастыр аднёсся да Евангелля, у якім Езус перасцярагае сваіх вучняў ад кепскага прыкладу, які можа стаць спакусай да граху.

“Езус таксама наказвае сваім вучням быць соллю зямлі. У антычныя часы соль як натуральны кансэрвант выкарыстоўвалася для захавання прадуктаў ад сапсавання. Акрамя гэтага, маленькая дробка солі змяняе смак ежы.

Як соль захоўвае ад сапсуцця прадукты і надае смак ежы, таксама і хрысціянін павінен быць соллю ў свеце, каб захаваць яго ад маральнага сапсуцця і прыдаць яму смак хрысціянства”, – сцвердзіў іерарх.

Для гэтага Езус прапануе кардынальныя метады: таму, хто спакушае іншага, трэба павесіць камень на шыю і кінуць у мора, а таксама адсекчы рукі і ногі і вырваць вочы. Нашы вочы, рукі і ногі могуць праслаўляць Бога, але яны таксама могуць весці да граху.

“Ці Езус хоча нас акалечыць? – спытаў арцыпастыр. – Не! На самой справе, Ён вучыць, што грэх – гэта сур’ёзная справа, і мы павінны выкараніць яго з нашага жыцця”.

“Як ракавая хвароба патрабуе хірургічнай аперацыі, каб спыніць яе распаўсюджванне, таксама і грахоўны рак патрабуе радыкальных мераў для яго спынення”, – заўважыў іерарх.

Езус таксама заахвочвае сваіх вернікаў здейсняць справы міласэрнасці, якім яны служаць Езусу і якія адчыняюць ім неба.

“Таму шчасце не ў тым, каб рабіць вялікія справы, а ў тым, каб рабіць малыя, але з любоўю”, – падсумаваў арцыпастыр.

Традыцыйна апошні чацвер перад Вялікім Постам адзначаецца як “Тлусты чацвер“. Сваю назву ён бярэ ад рымскага язычніцкага свята канца зімы і пачатку вясны, калі рымляне спажывалі тлустыя стравы, у тым пончыкі, начыненыя беконам.

У гэты дзень парафія ў Заслаўі правяла нязвыклую акцыю. Пасля святой Імшы вернікі частаваліся пончыкамі, якія ўласнаручна пёк пробашч ксёндз Антоній. Не абышлося таксама без дапамогі актыўных парафіянаў. Як бачна, зробленая з любоўю справа набрала духоўнага сэнсу. Да здзяйснення спраў міласэрнасці кожнага верніка заклікае Езус.

У наступную сераду распачынаецца Вялікі Пост – час ласкі і навяртання. У сувязі з гэтым арцыбіскуп Тадэвуш Кандрусевіч заклікаў вернікаў не даваць іншым злога прыкладу, быць соллю зямлі і выконваць справы міласэрнасці, каб час Посту стаў часам радыкальнага выкаранення граху з іх жыцця і нясення добрага прыкладу іншым.

Напрыканцы святой Імшы пробашч заслаўскай парафіі падзякаваў іерарху за прысутнасць і папрасіў наведаць парафіяльную супольнасць ужо без запрашэння.

Пасля завяршэння Эўхарыстыі арцыпастыр паблагаславіў новаствораны парафіяльны хор “Angelus” і ўручыў яго ўдзельнікам памятныя знакі прыналежнасці да хору.