Святло Эўхарыстыі на ўсходзе: у Магілёве адбылася святая Імша і працэсія Божага Цела вуліцамі горада
- 3 чэрвеня, 2025
- Фота: Архіў парафіі Унебаўзяцця Найсвяцейшай Панны Марыі ў Магілёве // Catholicminsk.by

1 чэрвеня католікі горада Магілёва сабраліся ў конкатэдральным касцёле Унебаўзяцця Найсвяцейшай Панны Марыі на святой Імшы, якую ўзначаліў арцыбіскуп Юзаф Станеўскі, Мітрапаліт Мінска-Магілёўскі. Іерарх прыбыў у горад на Дняпры, каб узначаліць агульнамагілёўскую працэсію Божага Цела.
Падчас Эўхарыстыі пастыр архідыяцэзіі скіраваў да вернікаў словы гаміліі, у якой звярнуў увагу, між іншым, на тое, што не ўсё ў гэтым свеце мы можам спазнаць розумам. Ёсць рэчаіснасць, якую можна пазнаць праз веру, якая становіцца адказам на Божы запавет любові з намі. Мы не пазбегнем цяжкасцяў, штодзённай стомленасці, але дзякуючы запавету з Хрыстом, лучнасці з Хрыстом, мы зможам іх адолець.
«Езус Хрыстус застаецца з намі, каб сілкаваць нас, умацоўваць, рабіць плённаю нашую працу. Той самы Хрыстус, які ўмацоўвае нас тут, чакае нас у небе. І таму для нас, хто верыць у прысутнасць Хрыста ў Эўхарыстыі, вечнае шчасце пачынаецца ўжо тут. Езус прысутны ў Эўхарыстыі — гэта цвёрдая гарантыя Яго прысутнасці ў нашым жыцці, гарантыя вечнага збаўлення»,
— сказаў арцыпастыр.

Далей арцыбіскуп нагадаў, што наша вера абавязвае нас удзельнічаць у святой Імшы, асабліва ў кожную нядзелю. «Касцёл, які настойліва гаворыць пра абавязак удзелу ў нядзельнай святой Імшы, праяўляе не строгасць, але клопат. Хрыстус у Эўхарыстыі аддае нам сябе цалкам, і таму неабходна, каб і мы ўдзельнічалі ў святой Імшы цалкам: усім сэрцам, усёй душой, усім розумам», — сцвердзіў іерарх.
Мітрапаліт заахвоціў, каб кожны вернік, выходзячы з касцёла пасля святой Імшы, здзяйсняў прыватную эўхарыстычную працэсію «праз стыль свайго жыцця, праз цярплівасць і павагу да іншых, праз стараннасць у выкананні сваіх абавязкаў, праз дабарасумленнасць і дабрыню, праз сведчанне веры перад дзецьмі». На думку іерарха, хрысціянін усюды можа быць знакам Уваскрослага Хрыста і несці радасць іншым.
Таксама пастыр архідыяцэзіі заахвоціў да трывалай, няспыннай малітвы ў інтэнцыі новых святарскіх пакліканнях.
Сваю гамілію арцыбіскуп Юзаф Станеўскі завяршыў словамі:
«Хрыстус жыве! Ён хоча, каб і ты жыў. Дазволь Яму зрабіць гэта».
Пасля заканчэння святой Імшы вернікі розных ўзростаў, рознага роду заняткаў, з розных раёнаў Магілёва, з’яднаныя ў Хрысце, засведчылі пра сваю веру ў жывога Збаўцу, прысутнага ў Эўхарыстыі, ідучы з Ім ва ўрачыстай працэсіі па вуліцах свайго горада.








