Skip to main content

Сустрэча валанцёраў парафіяльных Caritas з удзелам біскупа Касабуцкага прайшла ў Ляскоўцы пад Мінскам

30 лістапада
  • 3 снежня, 2024
  • Паводле: Caritas Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі, фота: з архіву Caritas Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі // Catholicminsk.by

30 лістапада напярэдадні Сусветнага дня валанцёра ў Дзіцячым дабрачынным сацыяльна-рэабілітацыйным цэнтры св. Лукі ў Ляскоўцы адбылося мерапрыемства для ўдзельнікаў парафіяльных Caritas Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі, якое мела на мэце падвесці вынікі працы ўсіх пляцовак і натхніцца на новыя ідэі ў новым літургічным годзе.

У мерапрыемстве прынялі ўдзел амаль 60 валанцёраў Caritas з дзесяці парафій: Імя Найсвяцейшай Панны Марыі (Мінск, катэдра), св. Францішка Асізскага ў Копішчы (Новая Баравая), св. Андрэя, апостала, і св. Леапольда Багдана Мандзіча (Мінск), Унебаўзяцця Найсвяцейшай Панны Марыі (Будслаў), трох парафій св. Казіміра (Маладзечна, Стоўбцы, Лагойск), Нараджэння Найсвяцейшай Панны Марыі (Заслаўе), Божага Цела (Нясвіж), св. Антонія (Мар’іна Горка). У першы раз да нас далучыліся вернікі з касцёлаў Найсвяцейшага Сэрца Езуса і Беззаганнага Сэрца Марыі (Фаніпаль)
і Беззаганнага Зачацця Найсвяцейшай Панны Марыі (Сухарава), якія пазнаёміліся с працай валанцёраў, каб пазней развіваць сацыяльную дзейнасць і ў сваім касцёле.

Сустрэча распачалася святой Імшой, цэлебрацыю якой узначаліў Генеральны вікарый Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі біскуп Юрый Касабуцкі.

У гаміліі іерарх адзначыў, што Езус выбраў Сабе на служэнне сабраных валанцёраў, як раней клікаў за сабой, гэта значыць, апосталаў. Біскуп падкрэсліў, што няма ніякай карысці для веруючых людзей мець “веру без учынкаў”. Яны пакліканы паказваць прыклад хрысціянскай любові ўсім навокал і сведчыць аб любові Хрыста.

Пасля супольнай малітвы сустрэча прадоўжылася ў канферэнц-зале. Намеснік дырэктара Сaritas Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі Вольга Лабуць распавяла аб сацыяльнай працы і праектнай дзейнасці арганізацыі, якая ажыццяўляецца ў падтрымку розных людзей і сацыяльных ўстаноў, якія знаходзяцца ў патрэбе. Каардынатар валанцёраў парафіяльных Caritas Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі Ірына Фаміна пазнаёміла ўдзельнікаў з гісторыяй першага стварэння Дабрачыннага аб’яднання Caritas, якая бярэ свой пачатак з 1897 года ў Германіі (г. Кёльн).

Валанцёры распавялі пра свой вопыт працы, які здзяйсняюць у сваёй парафіі: як развіваюць дабрачынныя ініцыятывы, якія патрэбы і праблемы ў існуючай парафіі (мясцовасці), як супрацоўнічаць з пастаральнымі групамі і далучаць вернікаў да дабрачыннай актыўнасці, як супрацоўнічаць з грамадскімі арганізацыямі і мясцовымі ўладамі.

Кожны атрымаў падзяку за ўклад у сацыяльную дапамогу і распаўсюджванне спраў дабрачыннасці з рук біскупа Касабуцкага, які падкрэсліў, што кожны па сваім магчымасцям аказвае падтрымку так, як на Крыжовым шляху Езусу дапамагаў Сымон Кірэнэец. Іерарх пажадаў удзельнікам мерапрыемства заўсёды мець сілу, энтузіязм, энэргію, з радасцю несці дабро людзям, не звяртаючы ўвагі на тое,
што скажуць іншыя.

Пасля абеду валанцёры падзяліліся сваімі тэатральнымі талентамі і павіншавалі адзін аднаго прыгожымі спевамі і вершамі, падзяліліся сувенірамі і пачастункамі.

Паводле меркавання арганізатараў мерапрыемтсва, такія сустрэчы неабходныя для ўдзельнікаў парафіяльных Caritas, бо яны дазваляюць шчыра і адкрыта дзяліцца вопытам, цяжкасцямі і радасцямі валанцёрскага служэння.

Наступная сустрэча валанцёраў адбудзецца ў лютым.

Дабрачыннае каталіцкае таварыства Caritas Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі запрашае ўсіх ахвотных, хто мае жаданне рабіць дабро і дапамагаць людзям, стаць валанцёрскім лідэрам Сaritas у сваёй парафіі.

Для гэтага напачатку неабходна запоўніць анкету па спасылцы ТУТ>>>.