Супрацоўнікі Рэдакцыі старонкі Catholicminsk.by віншуюць арцыбіскупа Станеўскага з 11-й гадавінай біскупскага пасвячэння
- 1 лютага, 2025
- Catholicminsk.by

1 лютага арцыбіскуп Юзаф Станеўскі, Мітрапаліт Мінска-Магілёўскі, Старшыня Канферэнцыі Каталіцкіх Біскупаў у Беларусі адзначае 11-ю гадавіну біскупскага пасвячэння. З гэтай нагоды Рэдакцыя архідыяцэзіяльнай інтэрнэт-старонкі Catholicminsk.by звяртаюцца да іерарха са словамі віншаванняў.
Ваша Эксцэленцыя, Глыбокапаважаны Арцыбіскуп Юзаф!
У гэты важны для Вас дзень, вяртаючыся ва ўспамінах да 1 лютага 2014 года, дня Вашага біскупскага пасвячэння ў гродзенскай катэдральнай базыліцы святога Францішка Ксавэрыя, Вы дзякуеце Езусу, які, па словах святога Бэды Вялебнага, на Вас “ласкава ўзглянуў і выбраў”, за дар Яго паклікання да служэння Яго народу як біскуп.
З нагоды 11-й гадавіны біскупскага пасвячэння жадаем Вам заўсёды заставацца “стражнікам веры” паводле значэння грэчаскага слова “episkopos”, як пастыр вялікай супольнасці захоўваючы і пераказваючы яе іншым. У Юбілейным 2025 годзе зычым Вам быць “пілігрымам надзеі” і з радасцю спазнаваць прыгожыя плёны Вашых душпастырскіх намаганняў. І, напрыканцы, жадаем, каб Вы штодня надалей былі “сведкам Божай любові”, асабліва тады, калі ў сваім служэнні будзеце звяртацца да бедных і патрабуючых, а таксама да малых дзяцей, якім добра разам з Вамі.
У час, калі Бог выбраў Вас, просім патрэбных ласкаў ад Найсвяцейшага Сэрца Езуса і апекі Беззаганнага Сэрца Марыі. Няхай добры Бог захавае Вас у добрым здароўі на доўгія гады служэння Яму і людзям.
З павагай і дарам малітвы,
ад імя супрацоўнікаў старонкі Catholicminsk.by
Ксёндз Павел Эйсмант