Skip to main content

Супрацоўнікі інтэрнэт-старонкі Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі Catholicminsk.by віншуюць з Новым годам

1 студзеня
  • 31 снежня, 2024
  • Catholicminsk.by, фота ілюстрацыйнае

Ужо зусім блізка Новы 2025 год. Праз лічаныя імгненні ён зменіць стары, ужо адыходзячы 2024 год. Гэта быў час, дадзены нам Богам, за які кожны з нас імкнецца Яму падзякаваць.

Святкуючы Актаву Божага Нараджэння, мы ўспамінаем падзеі, якія адбыліся ў Паўсюдным Касцёле, у Касцёле ў Беларусі і ў Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі.

Так, у Рыме завяршыўся Сінод аб сінадальнасці, які дазволіў кожнаму верніку дацаніць ролю супрацы духоўных і свецкіх у выкананні місіі Касцёла.

Мы дзякуем Богу за дар двух новых біскупаў для Касцёла ў Беларусі: біскупа Гродзенскага Уладзіміра Гуляя і дапаможнага біскупа Пінскай дыяцэзіі Андрэя Зноскі.

Сапраўдным дарам для Мінска-Магілёўскай мітраполіі сталася прысвячэнне яе Найсвяцейшаму Сэрцу Езуса падчас святкавання сёлетніх урачыстасцяў у Нацыянальным санктуарыі ў Будславе.

Мінска-Магілёўская архідыяцэзія таксама дзякуе за пасвячэнне новых святыняў у Беразіно і Стоўбцах, за новапасвечанага дыякана Аляксандра Шыманскага, за 10-годдзе біскупскага пасвячэння арцыбіскупа Юзафа Станеўскага і біскупа Юрыя Касабуцкага, за 35-годдзе біскупскага пасвячэння арцыбіскупа-эмерыта Тадэвуша Кандрусевіча, за Юбілеі іерархаў і святароў, а таксама за тры юбілейныя святыні і ўрачыстае распачацце ў іх Юбілейнага 2025 года.

Разам з гэтым, мы з малітоўнай памяццю ўзгадваем святароў, якія служылі на тэрыторыі Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі і ў 2024 годзе адышлі ў вечнасць: ксяндза Уладзіслава Шышла, пробашча з парафіі Шэметава Мядзельскага дэканату і ксяндза Гжэгажа Ксёнжэка SP, колішняга пробашча парафіі Чавусы Магілёўскага дэканату.

Прыпамінаючы дэвіз Юбілейнага года “Пілігрымы надзеі”, пастараемся з надзеяй у сэрцы крочыць насустрач новым выклікам, якія нас чакаюць у 2025 годзе.

Ад імя супрацоўнікаў інтэрнэт-старонкі Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі Catholicminsk.by, жадаю кожнаму з Вас у Новым годзе шчасця, моцнага здароўя, поспехаў у жыцці, адвагі ў абвяшчэнні спрадвечнай Праўды, Якая нарадзілася ў яслях, любові і Божага спакою ў сэрцы.

Шчаслівага Новага 2025 года!

Кс. Павел Эйсмант, рэдактар