Студэнты ІІІ курса Мінскага тэалагічнага каледжа імя святога Яна Хрысціцеля абаранілі дыпломныя працы
- 5 чэрвеня, 2024
- Тэкст: кс. Павел Эйсмант, фота з архіва МТК ім. св. Яна Хрысціцеля // Catholicminsk.by
У суботу, 1 чэрвеня, на тварах студэнтаў ІІІ курса МТК імя св. Яна Хрысціцеля заўважалася хваляванне. У гэты дзень іх чакаў сур’ёзны іспыт – абарона дыпломных прац, якія былі вынікам іх інтэлектуальных намаганняў на працягу двух апошніх гадоў.
Працы разглядала і ацэньвала кампетэнтная камісія, якая складалася з выкладчыкаў каледжа: старшыня камісіі – ксёндз ліцэнзіят Павел Эйсмант, выкладчык патралогіі і метадалогіі, члены камісіі – доктар Марына Пашук, выкладчык Святога Пісання, і кандыдат навук, дацэнт Алена Шымак, выкладчык гісторыі Касцёла.
Мерапрыемства распачалося малітвай, якую правёў ксёндз Павел Эйсмант. Затым з уступным словам да прысутных звярнуўся ксёндз канонік доктар Ян Крэміс, дырэктар каледжа. Урэшце, наступіў найбольш хвалюючы для студэнтаў момант – абарона прац.
Увазе камісіі было прадстаўлена 12 дыпломных прац па наступных прадметах: гісторыя Касцёла, Святое Пісанне, тэалогія духоўнасці, дагматычная тэалогія, маральная тэалогія, катэхетыка і патралогія.
Працы датычылі як гісторыі парафій (напрыклад, Адшукання Святога Крыжа ў Мінску), так і кангрэгацый (сясцёр эўхарыстак), а таксама паасобных гістарычных фігур (св. Пій Х і св. Ян Павел ІІ). Новыя творы па Святым Пісанні раскрывалі постаць Езуса Хрыста як цудатворца ў евангельскіх апісаннях і тэму чалавечай працы ў Бібліі. Студэнты стараліся наблізіць чытачам культ абраза Маці Божай Будслаўскай з пункту гледжання дагматычнай тэалогіі, малітву св. Тэрэзы ад Дзіцятка Езуса і рэалізацыю запаведзі любові ў св. Максіміліяна Марыі Кольбэ з боку духоўнасці Касцёла, святкаванне нядзелі як дня Пана з маральнага пункту гледжання.
Праца па патралогіі паказвала сацыяльную тэматыку на падставе твораў св. Яна Хрызастома, а яшчэ адна праца – па катэхетыцы – была даследаваннем навучэнца каледжа на тэму ролі свецкіх катэхетаў у Касцёле ў Беларусі.
Пасля прэзентацыі студэнтамі сваіх дасягненняў перад камісіяй стаяла нялёгкае заданне даць ім аб’ектыўную ацэнку. І вось сталася. Усе студэнты паспяхова абаранілі дыпломныя працы. Перад імі яшчэ здаванне выпускных экзаменаў, тзв. “ex universa”. Аднак важны рубеж у іх навучанні паспяхова ўзяты.
Некаторыя працы ў скарачэнні неўзабаве з’явяцца на партале Catholicminsk.by.