Skip to main content

Стан здароўя Папы Францішка паляпшаецца

27 лютага

Святы Пасад паведамляе, што ноч з чацвярга на пятніцу прайшла спакойна для Святога Айца. Пантыфік ужо не патрабуе пастаяннага кіслароду, аднак для поўнай упэўненасці неабходна больш часу.

Здароўе Францішка працягвае паказваць станоўчую дынаміку. Паводле ранішняй інфармацыі, апублікаванай 28 лютага, ноч, як і ў папярэднія дні, прайшла спакойна, а 88-гадовы Пантыфік працягвае адпачываць.

Згодна з паведамленнем, апублікаваным 27 лютага ўвечары, Папа ўжо не атрымлівае кісларод выключна праз назальныя канюлі, а часам выкарыстоўвае звычайную дыхальную маску. Гэта сведчыць пра паляпшэнне клінічнага стану.

“З улікам складанасці клінічнай карціны, патрабуюцца дадатковыя дні клінічнай стабільнасці, каб вызначыць канчатковы прагноз”, – паведамляецца ў бюлетэні, апублікаваным Залай Друку Святога Пасада.

27 лютага Францішак выконваў дыхальныя практыкаванні раніцай і пасля абеду, маліўся ў капліцы ў прыватнай частцы дзясятага паверха шпіталя “Джэмэлі” і прыняў Камунію. Акрамя таго, Пантыфік знайшоў сілы працаваць. Нагадаем, што ён шпіталізаваны з 14 лютага з прычыны складанай інфекцыі дыхальных шляхоў.

Важна адзначыць, што другі раз падрад паведамленне Святога Пасада не ўтрымлівае згадкі пра “сур’ёзную” сітуацыю.

Вернікі з усяго свету працягваюць маліцца за хуткае аднаўленне Святога Айца. Навіна пра стан здароўя Папы выклікала шырокі рэзананс у касцельнай супольнасці, і ў многіх дыяцэзіях і парафіях праводзяцца спецыяльныя малітоўныя набажэнствы за яго хуткае выздараўленне. Іерархі з розных краін таксама заклікаюць вернікаў яднацца ў малітве за Пантыфіка.

Чацвёрты вечар запар больш за тысячу чалавек сабраліся 27 лютага на Плошчы Святога Пятра, каб памаліцца за здароўе Францішка. Ружанцовае набажэнства ўзначаліў кардынал Бальдасарэ Рэйна.